У дзіцячым лагеры пад Чавусамі пабіліся важатыя

У дзіцячым лагеры пад Чавусамі пабіліся важатыя

У дзіцячым аздараўленчым лагеры “Зара” (Чавускі раён, Магілёўская вобласць) уночы на 8 ліпеня пабіліся п’яныя важатыя. Супрацоўнікі лагера вырашылі адзначыць заканчэнне змены, але не змаглі вырашыць, каму выпіваць, а каму глядзець дзяцей.

“Закрыццё змены скончылася п’яным мардабоем. Дзеці цэлыя. Твары адзін аднаму начысцілі педагогі. Яны не падзялілі, каму выпіваць, а каму глядзець дзяцей. Раніцай пачаліся разборкі”, — апісвае падзеі суполка “Чаусы Online” “УКантакце”.

У лагеры “Зара” Еўрарадыё пацвердзілі, што бойка паміж важатымі сапраўды была. Але “п’яны мардабой” адмаўляюць.

“Быў адбой, дзеці спалі, дзяжурныя сядзелі на паверхах, — распавядае Еўрарадыё дырэктар лагера “Зара” Аляксандр Жукоўскі. — Адзін выхавальнік намазаў зубной пастай іншага, калі той спаў. А той, можа спрасоння, не зразумеў… накінуўся і ўдарыў кулаком у твар. Застаўся сіняк. Выхавальнікі напісалі тлумачальныя лісты, заявы ў міліцыю ніхто не падаваў з іх. Той, які ўдараў, распавёў, што да гэтага выпіў крыху піва”.

Педагогаў на працу набіраюць з ліку студэнтаў Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Важатыя, якія ўчынілі бойку, больш на працу ў лагер не трапяць. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі