У Дзярждэпе ЗША пракаментавалі вываз украінскіх дзяцей у Беларусь
Дзярждэпартамент ЗША
Беларусь вывозіць на сваю тэрыторыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны не з бескарыслівых меркаванняў — яны могуць стаць ахвярамі гандлю людзьмі. З такой заявай выступіў на брыфінгу спікер Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер.
Нядаўна быў апублікаваны даклад экспэртаў Ельскага ўніверсітэта, у якім гаварылася, што ад пачатку вайны ў Беларусь былі вывезеныя больш за 2400 украінскіх дзяцей. У дакладзе сцвярджаецца, што вываз украінскіх дзяцей у Беларусь адбываецца з санкцыі Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнік Дзярждэпа кажа, што прыняў да ведама гэты дакумент.
Мілер заяўляе, што ў Беларусь вывозяць непрапарцыйна шмат уразлівых дзяцей — патэнцыйных сірот, дзяцей з інваліднасцю, дзяцей з малазабяспечаных сем'яў і дзяцей украінскіх вайскоўцаў.
"Наша інфармацыя абмежаваная. Мы не ведаем, ці зазнаюць далейшую эксплуатацыю дзеці, дэпартаваныя ў Расію ці Беларусь, але яны, вядома, застаюцца вельмі ўразлівымі для гандлю людзьмі", — кажа амерыканскі чыноўнік.
ЗША, паводле яго словаў, працягнуць вельмі ўважліва адсочваць і ацэньваць сітуацыю з дэпартацыяй украінскіх дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.