У "чорны спіс" Вялікабрытаніі трапілі начальнікі папраўчых калоній у Беларусі
Калонія ў Беларусі (ілюстрацыйнае фота)
На чарговыя ўгодкі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і пачатку масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі іх вынікаў Вялікабрытанія пашырыла персанальныя санкцыі. У "чорны спіс" Вялікабрытаніі трапілі начальнікі папраўчых калоній у Беларусі: Аляксей Лазарэнка (ПК № 15), Філіп Стурчанка (ПК № 3) і Дзяніс Таўсцянкоў (ПК № 4), а таксама ўжо былы начальнік ПК № 1 Андрэй Пальчык. Яны "нясуць адказнасць за ўдзел, падтрымку і садзейнічанне здзяйсненню сур'ёзнага парушэння правоў чалавека, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі".
Пад санкцыі трапілі ААТ "Навукова-даследчы інстытут электронных вылічальных машын", ААТ "СтанкаГомель" і ТАА "Рухсерваматор". Першае прадпрыемства працуе на патрэбы беларускага войска, а іншыя два выпускаюць прадукцыю для расійскага ВПК.
Урад Вялікабрытаніі "для падтрымкі дзейнасці ў галіне правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці" выдзяляе 2,5 млн фунтаў стэрлінгаў. "Мы падтрымліваем народ Беларусі ў яго імкненні да свабоды і дэмакратыі і заклікаем рэжым неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных", — заявіў міністр замежных спраў Дэвід Лэмі.
Вялікабрытанія неаднаразова ўводзіла санкцыі супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Між іншым, пад іх трапілі суддзі і пракуроры, адказныя за пераслед беларусаў па палітычных матывах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.