У Еўрапарламенце падпісалі бязвізавы рэжым для Украіны
У Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу 17 траўня прайшла ўрачыстая цырымонія падпісання бязвізавага рэжыму для грамадзян Украіны з Еўрасаюзам. Дакумент быў падпісаны прэзідэнтам Еўрапарламента Антоніа Таяні і міністрам унутраных спраў і нацыянальнай бяспекі Мальты, якая старшынюе ў Савеце ЕС, Кармела Абела.
На цырымоніі прысутнічалі прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і дакладчыца Еўрапарламента па гэтым пытанні Марыя Габрыэль, перадае УНІАН. Пасля падпісання заканадаўчы акт яшчэ мусіць быць абнародаваны ў Афіцыйным часопісе ЕС. Праз 20 дзён пасля публікацыі ён набудзе моц.
Як паведамлялася раней, Савет ЕС 11 траўня канчаткова зацвердзіў бязвізавы рэжым для грамадзян Украіны і краінаў-чальцоў Еўрасаюза.