У Германію праз Польшчу маглі трапіць амаль 13 тысяч мігрантаў з Беларусі — СМІ

Польскі памежнік

Польскі памежнік / Польская памежная служба

У Польшчы перад выбарамі разгараецца чарговы скандал, звязаны з Беларуссю. Дакладней, з польска-беларускай мяжой і нелегальнымі мігрантамі.

Ад пачатку года на тэрыторыю Польшчы з Беларусі трапілі больш за 30 тысяч мігрантаў, а амаль 13 тысяч з іх перабраліся ў Германію. Такія лічбы называе Gazeta Wyborcza са спасылкай на ўнутраную справаздачу памежнікаў.

На падставе гэтага выданне зрабіла выснову пра неэфектыўнасць агароджы на польска-беларускай мяжы. Маўляў, яна затрымлівае не больш за 60% мігрантаў, а яе пруты можна перапілаваць звычайнай нажоўкай.

У каментары выданню wPolityce прэс-сакратарка памежнай службы Ганна Міхальска звярнула ўвагу, што пра маршрут руху нелегальных мігрантаў нямецкі бок піша са словаў саміх мігрантаў. "Нямецкі бок паведамляе прыкладна пра 13 тысяч затрыманых мігрантаў, якія, імаверна, знаходзіліся ў Беларусі ці Расіі", — кажа яна.

Дакументаў замежнікі пераважна не маюць. На думку Міхальскай, у названую лічбу ўваходзяць і тыя мігранты, якія з Беларусі трапляюць у Латвію і Літву, а ўжо далей рухаюцца ў Германію.

Таксама ў гэтую статыстыку трапілі і тыя мігранты, каго затрымалі на беларускай мяжы, а яны падалі заявы аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы, але пазней выехалі ў Германію. Ад пачатку года такіх набралося больш за 1200 чалавек.

Па словах Міхальскай, пасля ўзмацнення мяжы з Беларуссю колькасць мігрантаў стала расці з боку Чэхіі і Славакіі — унутранай мяжы Еўрасаюза. Напрыклад, у верасні было затрымана 900 мігрантаў з боку гэтых дзвюх краін. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі