У Гомелі абмеркавалі праблемы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі

Сацыяльнае і эканамічнае значэнне дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі абмеркавалі ўдзельнікі круглага стала, які прайшоў у Гомелі. Дыскусія была арганізавана грамадзянскай ініцыятывай "Гомельскі дэмакратычны форум" і мінскім "Ліберальным клубам". Як паведаміў БелаПАН абласны каардынатар руху "За Свабоду!" Пётр Кузняцоў, круглы стол сабраў больш як тры дзесяткі ўдзельнікаў. Яны абмеркавалі праблемы маладзёжнага асяроддзя ў Беларусі і правялі паралелі з сітуацыяй у іншых краінах. Абмяркоўваліся, у прыватнасці, сучасныя тэндэнцыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, роля маладой сям'і ў жыцці дзяржавы, удзел моладзі ў прадпрымальніцкай дзейнасці.

Паводле слоў Кузняцова, найболей ажыўленымі дыскусіямі суправаджаліся даклады на тэму адукацыі і маладых сем'яў. Удзельнікі круглага стала прыйшлі да высновы, што праблемы, закранутыя на сустрэчы, толькі ў нязначнай ступені могуць быць вырашаны дзяржаўнымі механізмамі. Разам з тым многія з іх могуць адпасці ў выпадку аздараўлення грамадства і ўдасканалення дзяржаўнай палітыкі.

Падобныя адкрытыя дыскусіі надзвычай важныя, лічыць Кузняцоў, бо менавіта пры жывых свабодных зносінах "выпрацоўваецца новы пункт гледжання, альтэрнатыўны правальным урадавым праграмам". Акрамя таго, паводле яго меркавання, такім чынам павялічваецца ўзровень самасвядомасці маладых людзей. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі