У Гомелі адкрылі помнік гаспадарчаму мылу
Помнік мылу ў Гомелі
У Гомелі на тэрыторыі тлушчавага камбіната адкрылі помнік гаспадарчаму мылу. Помнік атрымаўся невялікі, але цырымонію правялі паводле ўсіх правілаў — з чырвонай стужкай, прамовамі і запрошанымі гасцямі. У цырымоніі, якую прымеркавалі да Сусветнага дня чыстых рук, узялі ўдзел работнікі камбіната і выхаванцы аднаго з гомельскіх дзіцячых садкоў.
Гомельскі тлушчавы камбінат выпускае гаспадарчае мыла ўжо 90 гадоў, і яно дагэтуль карыстаецца попытам, прыводзіць словы намесніка дырэктара Ігара Мажанава выданне "Гомельскія ведамасці". А помніка такому мылу нідзе няма.
Больш за тое, гомельская славутасць можа прэтэндаваць на статус самага маленькага помніка Беларусі. Памер мыла з латуні — усяго 6×9см, а мыльніцы — 12 см.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.