У Гомелі затрымалі верагоднага рабаўніка банкаў
4 сакавіка ў Гомелі затрымалі мужчыну, якога падазраюць у нападзе на шэраг банкаў у Гомельскім раёне, паведамляе прэс-служба МУС у сваім Telegram-канале. Аперацыю парвялі аператыўнікі крымінальнага вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама пры сілавой падтрымцы байцоў АМАПу.
Як паведамлялася раней, 10 студзеня невядомы мужчына, пагражаючы прадметам, падобным на пісталет, абрабаваў аддзяленне банка ў пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна. Здабычай нападніка стала буйная сума грошай.
Праз два месяцы спроба рабаўніцтва адбылася ў аддзяленні банка ў аграгарадку Бабовічы. Супрацоўніца банка націснула кнопку трывогі, пасля чаго зламыснік уцёк з месца здарэння.
Следчая група высветліла і затрымала падазронага. Як бачна на відэа, затрыманне адбылося ў гаражы падазронага.
Паведамляецца, што гэта 25-гадовы жанаты гамяльчук. Мужчына раней не судзімы, ён вучыцца на завочным аддзяленні адной з ВНУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.