У Гомельскай вобласці нецвярозага кіроўцу аштрафавалі на $ 15 тыс

Непрацуючы жыхар Светлагорска аспрэчыў у касацыйнай скарзе рашэнне суду Калінкавіцкага раёна, паводле якога ён павінен выплаціць штраф у 900 базавых велічынь (31,5 млн. рублёў альбо 15 тыс.долараў). Як паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў пракурора Калінкавіцкага раёна Аляксандр Змушко, такі штраф мужчыну прысудзілі за паўторнае кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане.

Па звестках пракурора, раней кіроўца пяць разоў прыцягваўся да адказнасці за парушэнне правіл дарожнага руху. Апошні раз ён быў затрыманы ў Калінкавіцкім раёне, пры гэтым спрабаваў схавацца ад супрацоўнікаў ДАІ і аказаў ім супраціўленне. Пасля затрымання мужчына адмовіўся ад агляду і сваю віну ні падчас следства, ні пры судовым допыце не прызнаў. Новае пасяджэнне суду адбудзецца на наступным тыдні.

У пракуратуры Гомельскай вобласці дадалі, што за апошнія сем месяцаў да крымінальнай адказнасці за паўторнае кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане былі прыцягнутыя 370 жыхароў рэгіёна. Да прыкладу, Жыткавіцкі раённы суд аштрафаваў п'янага кіроўцу на 500 базавых велічынь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі