У Гродне звольнілі настаяцеля, які выступаў супраць гвалту
Протаіерэя Георгія Роя вызвалілі ад пасады настаяцеля ў галоўным праваслаўным храме Гродна — Пакроўскім саборы. Там цяпер будзе новы настаяцель. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў прэс-сакратар Гродзенскай епархіі БПЦ дыякан Дзмітрый Паўлюкевіч.
Па яго словах, гэтая не адзіная змена ў Гродзенскай епархіі пры новым кіраўніцтве: "Так, айцец Анатоль (Ненартовіч) больш не сакратар, Георгій Рой больш не настаяцель сабора, а Мікалай Гайдук не настаяцель майго Нікольскага храма. Але яны нікуды не падзеліся".
У жніўні 2020-га протаірэй Георгій Рой адкрыта выступіў супраць гвалту з боку сілавікоў. А яшчэ да выбараў ён звярнуўся да вернікаў з заклікам не далучацца да хлусні, бо айцом хлусні ёсць д'ябал.
Мяркуецца, што Георгія Роя адправяць служыць у вёску Квасоўка каля Гродна.
На пачатку чэрвеня 2021-га ў адстаўку быў адпраўлены архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій. Афіцыйна гэта патлумачылі "станам здароўя". Упартыя чуткі звязваюць адстаўку Арцемія з тым, што ён адкрыта і неаднаразова асудзіў гвалт з боку сілавікоў. На яго месца быў прызначаны архіепіскап Антоній.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.