У Гродзенскім раёне мужчына на злосць настаяцелю скраў з храма званы
Званы куплялі на ахвяраванні вернікаў / vk.com/uvdgrodno
Складаныя адносіны прыхаджаніна з настаяцелем храма ў гарадскім пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна скончыліся выклікам міліцыі і крымінальнай справай. Прыхаджанін забраў да сябе ў хлеў партатыўныя званы, якія выкарыстоўвалі падчас святаў. Зрабіў ён гэта на злосцьнастаяцелю, лічаць у гродзенскай міліцыі.
Мужчыну 29 гадоў. З дзяцінства ён наведваў гэтую царкву, дапамагаў па гаспадарчых пытаннях. Але летась у храме змяніўся настаяцель, адносіны не склаліся. "Менавіта факт адносін, якія не заладзіліся, і прывёў да крадзяжу", — мяркуюць у міліцыі.
Мужчына перацягнуў царкоўныя званы да сябе ў хлеў яшчэ ў лістападзе. Прапажу заўважылі ў студзені. Прычым не настаяцель (ён нават не ведаў пра існаванне партатыўных званоў), а іншыя прыхаджане. Гэтыя званы ў свой час куплялі на ахвяраванні.
Калі міліцыя прыйшла да падазраванага і знайшла ў яго ў хляве званы, ён не змог толкам растлумачыць, што збіраўся рабіць далей. Прадаваць званы ён дакладна не планаваў. Тым не менш у дачыненні да мужчыны завялі крымінальную справу па артыкуле "Крадзеж".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.