У інтэрв'ю Юрыя Караева па "Беларусь 1" адкрыта паказалі кантакты наркагандляроў
Увечары 1 сакавіка ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" выйшла інтэрв'ю міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева. Чыноўнік расказваў, як МУС змагаецца з наркатрафікам у новых умовах, калі ўвесь гандаль наркотыкамі перабраўся ў інтэрнэт, а для разлікаў выкарыстоўваюцца крыптавалюты.
У інтэрв'ю выкарыстаны аператыўныя здымкі, на якіх працуюць сілавікі. Таксама аператар крыху паздымаў экран камп'ютара, на якім адкрыты сайт інтэрнэт-крамы з наркотыкамі ў даркнэце. Пры гэтым у кадр трапіў і адрас сайта, і цэны на наркотыкі, і кантакты наркагандляроў у месенджарах.
Міністр у інтэрв'ю кажа, што спыніць дзейнасць сумнеўных сайтаў міліцыя не заўжды ў стане, але спыніць доступ да іх можа. На жаль, кантакты, якія паказалі па "Беларусь 1", па стане на 2 сакавіка актуальныя. У "Тэлеграме" па іх можна знайсці з тузін каналаў і чатаў, праз якія можна набыць сінтэтычныя наркотыкі ці ўладкавацца на працу закладчыкам.
А на "Гідры" па згаданым адрасе знаходзіцца сайт, які таксама прапануе самыя розныя наркотыкі і працу па іх распаўсюджванні.
Пасля таго як Еўрарадыё апублікавала скрыншоты з паказанымі па "Беларусь 1" кантактамі наркагандляроў, выпуск праграмы "Галоўны эфір" за 1 сакавіка знік з "Ютуба". Таксама знікла інтэрв'ю з Юрыем Караевым, апублікаванае асобна. Абодва ролікі ёсць у распараджэнні ў Еўрарадыё.
Праз нейкі час відэа перазалілі з заблёранымі кантактамі. Але тэлеэфір назад ужо не адматаеш.
Журналісты беларускага тэлебачання дапускаюць падобныя праколы рэгулярна. Напрыклад, у канцы студзеня тэлеканал АНТ зліў персанальныя звесткі магілёўскіх сабакароў, паказаўшы на ўсю краіну экран з гугл-табліцай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.