У каранцінных раёнах Мінска за тыдзень вылавілі 30 сабак і 6 катоў

У каранцінных раёнах Мінска за тыдзень вылавілі 30 сабак і 6 катоў

У Мінску ўжо другі тыдзень, як уведзены каранцін з-за шалёнага сабакі. У мінскім пункце часовага ўтрымання на Гурскага, 42 зноў няма месцаў. Пакуль там адмовіліся прымаць жывёл ад насельніцтва, але ў  раёнах, якія ў каранціне, працягваюць адлоўліваць.

Дырэктарка дзяржаўнага прадпрыемства "Фаўна Горада" Тамара Царыкоўская распавяла, што, нягледзячы на каранцін, жывёл адлоўлена не больш за звычайную колькасць:

"У Калядзічах адлавілі пятнаццаць сабак, гэта хоць і за кальцавой, але лічыцца як Кастрычніцкі раён. Усяго з моманту аб'яўлення каранціну ў Маскоўскім раёне было адлоўлена чатыры сабакі і два каты, у Фрунзенскім раёне сем сабак і два каты, а ў Кастрычніцкім чатыры сабакі і два каты, але гэта, не лічачы пятнаццаці сабакаў з Калядзічаў".

Цяпер у пункце часовага ўтрымання 90 сабак і 84 каты: "Мы не прымаем новых жывёл ад насельніцтва. Але на каранцін прымаем усіх, але цяпер у ім нікога няма, таму што ніхто нікога не пакусаў. На каранцін ставім толькі, калі сабака кагосьці пакусаў", — тлумачыць дырэктарка Тамара Царыкоўская.

Еўрарадыё: Што будзе з усімі адлоўленымі ў гэтых раёнах сабакамі?

Дырэктар Тамара Царыкоўская: Нічога. Іх забяруць. Частку забяруць уладальнікі, частку валанцёры, хтосьці застанецца ў нас, калі ніхто не памрэ.

Каранцін у Мінску ўвялі на два месяцы, апошні раз каранцін быў ў 2016 годзе. У мэтах бяспекі спецыялісты раяць не падыходзіць і не гладзіць безнаглядных жывёл. Калі ўбачыце жывёлу з незвычайнымі або без прычыны агрэсіўнымі паводзінамі, паведаміце ў ветэрынарную службу. У выпадку атрымання траўмаў, нанесеных жывёлам неадкладна звярніцеся ва ўстанову аховы здароўя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі