У Карэліі ў адной з вёсак усе мужчыны сышлі ад мабілізацыі ў лясы

Нямала грамадзян РФ спрабуюць пазбегнуць мабілізацыі / kommersant.ru
Нямала грамадзян РФ спрабуюць пазбегнуць мабілізацыі / kommersant.ru

У Карэліі ў адной з вёсак усе мужчыны сышлі ад мабілізацыі ў лясы. Сваякі кажуць, што яны пайшлі збіраць журавіны, піша @bazabazon.

Гэтыя падзеі адбыліся ў вёсцы Шолтвозера. У канцы верасня туды прыехалі з горада, каб раздаць позвы, але нікога не змаглі мабілізаваць. Не дапамаглі і высілкі мясцовых уладаў, якія паведамілі мужчынам пра мабілізацыю праз сацсеткі і нават абтэлефаноўвалі іх з патрабаваннем з'явіцца. Калі гэта не дапамагло, чыноўнікі, каб апраўдаць зрыў мабілізацыі, ухапіліся за версію пра сезон збору журавінаў. Але дзе менавіта знаходзяцца мужчыны, яны не ведаюць. З лясоў ніхто не выходзіць.

Падобная сітуацыя здарылася і ў карэльскай вёсцы Рыбрэка. Там удалося мабілізаваць толькі некалькі чалавек. Іншыя мужчыны таксама пайшлі ў лясы.

У абодвух паселішчах жывуць вепсы — карэнны фіна-вугорскі народ.

Раней украінская разведка абнародвала перахоп тэлефоннай размовы расійскага вайскоўца са сваякамі ў Сібіры. Апошнія паведамілі, што частка мужчын з'ехала за мяжу, а іншыя пайшлі ў тайгу. Каб іх вярнуць, была выклікана Расгвардыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі