Штурм Майдана (відэа, онлайн)

10.16 У Кіеве загінулі ўжо 25 чалавек
 

10.03 Як грузавік у цэнтры Кіева разагнаў падраздзяленне "Беркута" (відэа)

09.12 Перастрэлкі пад Кіевам — узброеныя заходнікі прабіваюцца ў сталіцу.

08.39 На кіеўскі Майдан прарвалася падмацаванне з розных рэгіёнаў Украіны.

08.23 У Львове згарэла палова часткі ўнутраных войск (відэа).
 

07.42 З'явіўся тэкст заявы ўкраінскага прэзідэнта, прысвечанай апошнім трагічным падзеям у краіне. Януковіч канстатуе: здарылася бяда — загінулі людзі. Ён заклікае гэтую трагедыю разам "перажыць і пераадолець". Прэзідэнт сцвярджае, што ад пачатку быў прыхільнікам дыялогу, хаця некаторыя памочнікі і схілялі яго да сілавога сцэнару. Сябе Януковіч называе "катэгарычным праціўнікам сілавых варыянтаў, а тым больш — праліцця крыві".



Ён ускладае адказнасць за трагічныя падзеі на апазіцыю, якая запатрабавала "усю ўладу... і неадкладна". "Мяжу яны перайшлі, калі заклікалі людзей да зброі", — гаворыцца ў заяве Віктара Януковіча. Ён заклікае апазіцыйных лідараў адмежавацца ад "радыкальных сілаў". Калі ж яны гэтага не зробяць, з імі "будзе іншая размова".



Віктар Януковіч лічыць, што яшчэ не позна спыніць канфлікт. Ён заклікаў да правядзення перамоваў. Цалкам заяву гл. тут.

07.08 У Кіеве застрэлілі журналіста. Дагэтуль дзясяткі журналістаў былі параненыя і збітыя. Цяпер з'явілася першая ахвяра. Як інфармуе espreso.tv, памёр журналіст газеты "Весці" Вячаслаў Верамій. Каля Міхайлаўскай плошчы яго выцягнулі з таксоўкі (хто — невядома), пабілі і стрэлілі ў грудзі. У яго застаўся 4-гадовы сын.

Фота — Обозреватель

06.47 Раніцай спецпадраздзяленні міліцыі пачалі чарговую атаку на пратэстоўцаў. Яны ўварваліся на Майдан. Як паведамляе "Украінская праўда", сілавікі выкарыстоўваюць вадамёты і святлошумавыя гранаты. Яны прарваліся да стэлы Незалежнасці і спрабуюць пашырыць плацдарм. Пратэстоўцы супраціўляюцца, кідаюць камяні і "кактэйді Молатава". Загарэліся яшчэ некалькі намётаў.

03.12 Лідары апазіцыі выйшлі з перамоваў з украінскім прэзідэнтам. Па іх словах, яны "ні пра што не дамовіліся" з Януковічам. Віталь Клічко ў эфіры hromadske.tv адзначыў, што Януковіч не захацеў гаварыць, а толькі патрабаваў пакінуць зброю, ачысціць Майдан і вярнуць людзей дадому.

03.08 У кіеўскіх аддзелах міліцыі знаходзяцца 53 затрыманыя актывісты — espresso.tv

03.02 У Львове пратэстоўцы захапілі вайсковую частку. Салдаты выйшлі без зброі. Усю зброю, па дамоўленасці, апячатваюць. Перад гэтым былі захопленыя будынкі абласной адміністрацыі, міліцыі і пракуратуры.

02.44 У Кіеве гарыць будынак Прафсаюзаў і гандлёвы цэнтр “Глобус” на Майдане Незалежнасці

02.27 Загінула 11 удзельнікаў масавых сутыкненняў у Кіеве, інфармуе Міністэрства аховы здароўя Украіны. Па інфармацыі медыкаў, па стане на 00.00 (беларускага часу) да іх звярнуўся “221 удзельнік сутыкненняў, шпіталізавана 114 чалавек. Зафіксавана 11 лятальных выпадкаў”

Па дадзеных МУС Украіны, загінула 7 прадстаўнікоў праваахоўных органаў.

02.16 У Львове каля 150 чалавек захапілі абласную пракуратуру. З вокнаў людзі выкідаюць паперы, оргтэхніку. Супраціўлення ніхто не аказваў, інфармуе агенцтва ZIK.

02.12 У Кіеве серада, 20 лютага, абвешчаная выхадным днём, перадае тэлеканал “Інтэр”

01.53 Korrespondent.net: Януковіч праводзіць перамовы з лідарамі апазіцыі Яцэнюком і Клічко

01.35 Відавочцы: У цэнтры Кіева “цітушкі” расстралялі дваіх мітынгоўцаў

01.24 Былому басісту гурта “Воплі Відаплясава” ды лідару панк-гурта "Борщ" Аляксандру Піпу падчас сутыкненняў, магчыма, зламалі нагу (фота: twitter.com/sodel_vlad)

00.11 МУС паведамляе яшчэ пра аднаго загінулага міліцыянера. Па апошніх звестках: загінулі 7 супрацоўнікаў міліцыі, яшчэ 35 знаходзяцца ў цяжкім стане, паведамляецца на сайце МУС Украіны.

Па звестках ведамства, усяго па медыцынскую дапамогу звярнуліся каля 300 супрацоўнікаў міліцыі і ваеннаслужачых унутраных войскаў, 272 з іх былі шпіталізаваныя. 59 сілавікоў атрымалі агнястрэльныя раненні, 12 з іх — на Майдане незалежнасці, гаворыцца ў паведамленні.

 

00.46 На Майдане ў Кіеве адключылі электрычнасць. Людзі чытаюць “Ойча наш”

00.38 Міліцыя распачала крымінальную справу па факце захопу будынка Абласной адміністрацыі ў Івана-Франкоўску, паведамляецца на сайце МУС. Артыкул 341 “захоп дзяржаўных або грамадскіх будынкаў” прадугледжвае максімальную адказнасць — 6 гадоў турмы. Адзначым, што мітынгоўцы дагэтуль утрымліваюць будынак адміністрацыі.

00.17 Актывісты штурмуюць Упраўленне МУС па Тэрнопальскай вобласці

Мітынгоўцы кідаюць ўнутр будынка кактэйлі Молатава і дымавыя шашкі. Памяшканне гарадской міліцыі Тэрнопаля, якое размешчана на першым паверсе будынка і мяжуе з абласным упраўленнем, гарыць, перадае МУС Украіны.

Таксама мітынгоўцы штурмуюць упраўленне МУС па Львоўскай вобласці. Ніжнія паверхі будынка гараць.

00.01 ЗША ўсклалі адказнасць за ўсе падзеі ва Украіне на Януковіча. Пра гэта паведаміў амерыканскі пасол у Кіеве Джэфры Пает пасля перамоваў з мясцовым МЗС.

Пает паведаміў, што ЗША разглядаюць магчымасць пашырэнне санкцый у дачыненні да асобных украінскіх чыноўнікаў ў дадатак да візавых абмежаванняў, уведзеных пасля сілавога разгону Майдана ў лістападзе і снежні. У той жа час ён адзначыў, што ў цяперашні час асноўнай задачай з'яўляецца спыненне сілавога супрацьстаяння ў Кіеве.

23.40 У Львове пратэстоўцы захапілі Абласную адміністрацыю

Каля трохсот чалавек захапілі будынак Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, перадае pravda.com.ua. Людзі, большасць з якіх былі ў масках, выламалі дзверы, вывелі міліцыянтаў.

23.15 "Беркут" ля будынку Дома прафсаюзаў, дзе размяшчаецца Штаб рэвалюцыі. Будынак падпалены ў некалькіх месцах. Працягваюцца сутычкі.

22.45 Лідар фракцыі "Бацькаўшчына" ў Вярхоўнай Радзе Украіны апазіцыянер Арсеній Яцанюк заклікаў прэзідэнта Віктара Януковіча спыніць кровапраліцце ў Кіеве і абвясціць перамір'е да раніцы. Пра гэта ён заявіў вечарам 18 лютага, звяртаючыся са сцэны на Майдане Незалежнасці.

22.40 Зачыненыя кіеўскія аэрапорты.

22.35 МУС Украіны: Загінулі 6 міліцыянтаў, 35 — знаходзяцца ў цяжкім стане. Усяго шпіталізаваныя 159 супрацоўнікаў сілавых структур, 39 з іх атрымалі агнястрэльныя раненні.

Пратэстоўцы таксама паведамляюць аб новай ахвяры.

22.15 На Майдане застаецца каля 20 тысяч чалавек. Яны падпалілі ўжо два БТРы і адзін вадамёт. "Беркут" працягвае разбіраць барыкады.

22.00 Штурм Майдана працягваецца ўжо гадзіну. Аднак сілавікі прасунуліся нязначна. Па-ранейшаму пастаянна чуваць выбухі і стрэлы. Майдан ахоплены агнём.

21.40 Міліцыя просіць дзяцей і жанчын сысці з Майдана. Паведамляюць, што будзе праводзіцца "Антытэрарыстычная аперацыя". Тым часам дагэтуль праўладны алігарх Рынат Ахметаў заявіў, што кровапраліцце недапушчальнае. Паводле паведамленняў украінскіх СМІ, прэзідэнт Януковіч не адказвае на тэлефанаванні заходніх лідараў, у тым ліку канцлера Германіі Ангелы Меркель. У некаторых рэгіёнах Украіны абвешчана мабілізацыя.

21.20 "Беркут" прарваў барыкады. Пратэстоўцы падпалілі БТР на Крэшчаціку з боку Еўрапейскай плошчы.

21.00 Міліцыя пачала штурмаваць барыкады ля Майдана. Пратэстоўцаў заліваюць вадой, пастаянна чуюцца гукі стрэлаў і выбухаў.

20.50 Урад Украіны спыняе уезд транспарту ў Кіеў з 0.00

20.30 У ходзе сутыкненняў у цэнтры Кіеве 18 лютага загінулі дзевяць чалавек. Пра гэта паведамляе кіеўская міліцыя. Паводле інфармацыі ведамства, ахвярамі сутыкненняў сталі два міліцыянты, адзін з якіх памёр ад агнястрэльных раненняў у шпіталі, а другі — у машыне хуткай дапамогі.

20.20 Ва Украіне адключылі вяшчанне 5-га канала. Цяпер ён недаступны праз аналагавыя сеткі, бачыць яго можна толькі праз спадарожнік. Астатнія тэлеканалы працуюць у звычайным рэжыме. 5-ы канал асвятляе падзеі апошніх месяцаў збольшага нейтральна, альбо з прыхільнасцю да пратэстоўцаў. Паводле некаторых дадзеных, ён кантралюецца апазіцыйным алігархам Пятром Парашэнкам.

20.00 Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч запрасіў да сябе апазіцыйных лідараў сёння на сустрэчу ў 23 гадзіны. Пра гэта паведаміў выданню Тиждень.ua былы міністр унутраных спраў Украіны Юры Луцэнка. Ён не змог сказаць, ці напрацоўваюць лідары палітычнай апазіцыі план дзеянняў на бліжэйшыя гадзіны.

19.25 Прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч у сераду, 19 лютага, сустрэнецца з лідарамі апазіцыі. Пра гэта паведамляюць "Камэнтары" са спасылкай на спікера Вярхоўнай Рады Уладзіміра Рыбака. Перамовы, з яго слоў, пачнуцца ў 11 раніцы па мясцовым часе.

19.19 На Майдане сабралася каля 20 тысяч чалавек. Пратэстоўцы разбіраюць брукаванку і складваюць яе ў кучы на выпадак штурму "беркутаўцамі".

З'явіліся звесткі, што "Беркут" пачаў штурм Украінскага дома. Па звестках украінскіх СМІ, у раёне Украінскага дома чуваць стрэлы.

18.40 Паведамляецца пра трупы загінулых на барыкадах.

Тым часам ДАІ абмяжоўвае ўезд транспарту ў Кіеў. Па звестках СМІ, у горад цяжка трапіць з адэскай, жытомірскай, барыспальскай і броварскай трасаў.

18.00 Праваахоўнікі разбіраюць барыкады.

17.30 "Беркут" прарываецца на Майдан з боку вуліцы Інстытуцкай. Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Аляксандр Якіменка і кіраўнік МУС Украіны Віталь Захарчанка заклікалі лідараў апазіцыі супакоіць пратэстуючых і вярнуцца за стол перамоваў. Калі да 18.00 беспарадкі не спыняцца, сілавікі абяцаюць навесці парадак "усімі сродкамі, прадугледжанымі законам".

17.20 У Кіеве перастала працаваць метро. "Беркут" пачаў наступ на Майдан, праваахоўнікі набліжаюцца з боку вуліцы Грушэўскага.

Як піша censor.net.ua са спасылкай на актывістаў, яшчэ сем пратэстоўцаў у перадсмяротным стане.



Агулам актывісты кажуць пра сто параненых, якія знаходзяцца ў Доме афіцэраў.



Маскоўскі блогер Ілля Варламаў сфатаграфаваў, як гараць дзверы ў кіеўскую гарадскую адміністрацыю.

18 лютага ў Кіеве павінна было прайсці паседжанне Вярхоўнай Рады, аднак ужо з раніцы да будынка парламента падцягнулася некалькі тысяч праціўнікаў дзеючай улады. Радыкальна настроеныя апазіцыянеры пайшлі на штурм, што прывяло да жорсткага супрацьстаяння з сілавікамі: у ход пайшлі слёзатачывы газ і светлашумавыя гранаты. Дэпутаты былі заблакаваныя ў будынку. Пры гэтым ніякіх канкрэтных патрабаванняў пратэстоўцы не высоўваюць, толькі апазіцыйныя дэпутаты заклікалі кіраўніка дзяржавы Віктара Януковіча аб'явіць аб правядзенні датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў.



Фота — zyalt.livejournal.com


Live streaming video by Ustream

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі