У Кіеве арыштавалі экс-кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта
У Кіеве арыштавалі экс-кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, былога дэпутата Вярхоўнай Рады Сяргея Пашынскага. Пячэрскі раённы суд вырашыў узяць яго пад варту на два месяцы без права ўнясення закладу. Пашынскага падазраюць у нанясенні цяжкага цялеснага пашкоджання. Сам ён заявіў, што матэрыялы справы сфальсіфікаваныя, а рашэнне суда — "злачынства", інфармуе hromadske.ua.
У снежні 2016-га ў Сяргея Пашынскага здарыўся канфлікт з грамадзянінам у адной з вёсак у Кіеўскай вобласці. Дэпутат прастраліў нагу мужчыне. Летам 2017-га крымінальную справу закрылі і вярнулі... пісталет, з якога ён страляў. І толькі пры новай уладзе ва Украіне яе аднавілі. Стралку пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Абавязкі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Пашынскі выконваў у сакавіку-чэрвені 2014-га, пасля перамогі Майдана. З пасады ён сышоў ужо пасля абрання прэзідэнтам Пятра Парашэнкі.
14 кастрычніка Сяргею Пашынскаму споўніцца 53 гады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.