У Кіеве лічаць, што міратворцы ААН мусяць кантраляваць мяжу з Расіяй
Украінскія ўлады збіраюцца дамагацца ўвядзення на Данбас міратворчага кантынгента Арганізацыі аб’яднаных нацый.
Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны 18 лютага вырашыў дамагацца ўвядзення на Данбас міратворчага кантынгента Арганізацыі аб’яднаных нацый. Міратворчая місія ААН мусіць быць размешчаная ўздоўж лініі размежавання паміж украінскімі войскамі і падраздзяленнямі баевікоў на Данбасе, а таксама на ўчастках дзяржаўнай мяжы Украіны з Расіяй, якія не кантралююцца Кіевам. Пра гэта па выніках паседжання Савета нацыянальнай бяспекі і абароны заявіў яго сакратар Аляксандр Турчынаў.
Ён адзначыў, што падзеі каля Дэбальцава і Марыупаля, дзе баевікі атакуюць пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў, могуць насіць "хранічны характар". "І для таго, каб спыніць гэтыя правакацыі, для таго, каб не даваць магчымасці Расійскай Федэрацыі спекуляваць вакол гэтага і ёсць прапанова адносна звароту пра ўвядзенне на тэрыторыю Украіны міратворцаў", — цытуе словы Турчынава УНІАН.
Украінскія ўлады лічаць, што міратворцы дапамаглі б фіксаваць і лакалізаваць парушэнні мінскіх дамоўленасцяў. Цяпер Міністэрства замежных спраў Украіны рыхтуе зварот да ААН і ЕС адносна размяшчэння міратворцаў ва Украіне, які мусіць падтрымаць Вярхоўная Рада.
Учора прэзідэнт Пётр Парашэнка заявіў, што найлепшы фармат увядзення міратворцаў — паліцэйская місія ЕС. Расія заяўляе, што планы Кіева ўвесці міратворцаў супярэчаць мінскім дакументам.
Фота: Reuters, УНІАН