У Кіеве паказалі відэа з тэлефона палоннага байца ГРУ Расіі
На ім зафіксаванае перасоўванне на Данбасе групы расійскіх спецназаўцаў.
У аўторак падчас паседжання Вярхоўнай Рады Украіны паказалі відэа з тэлефона палоннага байца ГРУ Расіі Аляксандра Аляксандрава. Перад гэтым у парламенце выступіў кіраўнік Блока Пятра Парашэнкі Юрый Луцэнка. Ён падкрэсліў, што на відэа можна пабачыць не наймітаў, а "ў поўным складзе дыверсійна-разведвальную групу ГРУ Расійскай Федэрацыі, якая прыбыла на Данбас".
"Абняў украінскую зямлю, як родную", — кажа на відэазапісе адзін з расійскіх байцоў.
Нагадаем, у сярэдзіне траўня ў палон да ўкраінскіх сілавікоў трапілі два расійскія вайскоўцы — капітан 3-й брыгады спецназу Узброеных сілаў Расіі Яўген Ерафееў і сяржант Аляксандр Аляксандраў (Луцэнка падчас свайго выступу ў Вярхоўнай Радзе памылкова назваў іх абодвух афіцэрамі). Здарылася гэта ў раёне Луганскай ЦЭС у горадзе Шчасце. Палонныя назвалі сваё падраздзяленне — 3-я асобная гвардзейская Варшаўска-Берлінская Чырвонасцяжная ордэна Суворава III ступені брыгада спецыяльнага прызначэння ГРУ Генштабу Узброеных сілаў Расіі (в/ч 21208 г. Тальяці).
Яны таксама распавялі, што прыбылі на падкантрольную баевікам тэрыторыю ў сакавіку 2015-га ў складзе аднаго з падраздзяленняў брыгады, выконвалі баявыя разведвальна-дыверсійныя заданні супраць украінскіх войскаў. Расія заяўляе, што расійскія грамадзяне Ерафееў і Аляксандраў не з'яўляюцца вайскоўцамі, а на Данбасе маглі апынуцца як добраахвотнікі.
Фота: АР