У клуба "Рэактар", які рамантуецца з 2011 года, змяніўся ўладальнік

У легендарнага мінскага клуба “Рэактар” змяніўся гаспадар. Як стала вядома Еўрарадыё, ранейшыя расійскія ўладальнікі вырашылі згарнуць рэканструкцыю і адмовіліся ад права арэнды.

11 лістапада адбыўся аўкцыён, які выйграла ТАА “Пахлава”. Кампанію з такой назвай удалося знайсці толькі ў Санкт-Пецярбургу, але ўсе кантактныя дадзеныя закрытыя. Вядома толькі, што асноўным відам дзейнасці “Пахлавы” з’яўляецца рознічны гандаль прадуктамі, уключаючы напоі, і тытунёвымі вырабамі ў спецыялізаваных крамах. Кампанію ўзначальвае Аліеў Кязым Мамед Аглы.

Звязацца з ім і даведацца, ці застанецца сам клуб, або на яго месцы адчыніцца чарговае казіно ці крама ўсходніх прысмакаў, пакуль не ўдалося. Будынак “Рэактара” па-ранейшаму зачынены, унутры няма ні вартаўнікоў, ні рабочых.

Праясніць сітуацыю не здолеў і кіраўнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Савецкага раёна Мінска Іван Мікула, які адмовіўся размаўляць на тэму “Рэактара”.

Нагадаем, апошняе мерапрыемства ў культавым мінскім клубе прайшло ў траўні 2011 года, пасля чаго ўстанова была закрытая на рамонт. На той момант уладальнікі клуба абяцалі зрабіць пляцоўку больш утульнай і сучаснай.

Пазней стала вядома, што клуб выкуплены расійскімі бізнэсоўцамі. Спачатку там вяліся актыўныя працы. Пагаворвалі, што пляцоўка чакае дарагога абсталявання з Лондана. Потым з'явілася інфармацыя, што з "Рэактара" робяць казіно.

У 2013 годзе права арэнды “Рэактара” на 10 гадоў было выстаўленае на продаж за 900 тысяч долараў. Агенты паведамлялі, што там на 80 адсоткаў зроблены рамонт, пастаўленая дарагая сістэма вентыляцыі, зробленая акустыка столі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі