У Колі Лукашэнкі знайшлася верагодная зводная сястра — "Бюро"

Крысціна Моцная і Аляксандр Лукашэнка

Крысціна Моцная і Аляксандр Лукашэнка / калаж "Бюро"

Людзі, якія арганізоўваюць побыт Аляксандра Лукашэнкі, зазвычай застаюцца па-за кадрам. Журналісты-расследвальнікі "Бюро" высветлілі іх імёны і дэталі біяграфіі.

Асабістай цырульніцай Лукашэнкі і аўтаркай ягонага славутага зачосу на лысіне была Сняжана Моцная. Раней Альянс расследвальнікаў выявіў, што цырульніца са Шклова бясплатна атрымала ад аднаго з "кашалькоў" Лукашэнкі кватэру коштам 250 тысяч долараў.

У 1991 годзе яна (тады піянерважатая) выйграла раённы конкурс прыгажосці. Прыз ад спонсараў конкурсу, магнітафон "Беларусь", ёй уручаў народны дэпутат, дырэктар саўгаса "Гарадзец" Лукашэнка. А напрыканцы 90-х яна стала яго асабістай цырульніцай. У Адміністрацыю Лукашэнкі на вуліцы Карла Маркса,38 яе вазілі на службовым аўто. "Прывозілі да Лукашэнкі, каб яна [яго] прычэсвала. Таму што, дапусцім, узяць яго вобраз там 94-га года, там 96-га, гэта такі быў даволі калгаснаваты тыпаж, ну вось яму параілі ўзяць кагосьці, хто б сачыў за яго вобразам", — расказалі журналістам асобы, блізкія ў той час да Лукашэнкі.

Увесну 1999 года Моцная зацяжарала, а потым атрымала кватэру ў цаглянай новабудоўлі палепшанай планіроўкі на вуліцы Магілёўскай у Мінску. У лютым 2000 года ў Сняжаны нарадзілася дачка Крысціна. Ні тады, ні пазней Сняжана Моцная замужам афіцыйна не была. А ў графе "бацька дзіцяці" яна пазначыла Моцнага Аляксандра Рыгоравіча. Як выявілі "Кіберпартызаны", такога чалавека ў Беларусі проста не існуе. Пра тое, што гэта дачка Лукашэнкі, журналістам "Бюро" сказалі дзве крыніцы, якія раней былі ў атачэнні кіраўніка Беларусі.

"Ёсць прыкметы, якія сведчаць пра тое, што яна вельмі падобная да лукашэнкаўскай пароды. Па-першае — лоб, бровы, адлегласць паміж вачыма і адлегласць паміж вачніцамі — яны дастаткова на вялікай адлегласці адна ад адной. То бок гэта вось такое сямейнае [падабенства] — у самога Лукашэнкі так. І ў тым ліку ў яе. У яе яшчэ вялікі рот, і калі ўзяць фатаграфію Лукашэнкі без вусоў, то менавіта вось гэты фрагмент – яны таксама даволі падобныя", — заявілі супрацоўнікі сілавых структур, якіх вычаць "счытваць твары".

У Колі Лукашэнкі знайшлася верагодная зводная сястра — "Бюро"
Сняжана Моцная / shopogoliki.by

Пасля нараджэння дачкі Сняжана Моцная трапіла на працу ў МЗС, дзе даслужылася да першага сакратара галоўнага ўпраўлення Еўропы. Потым у Мінск перабралася яе маці Лідзія, якая стала вядучай спецыялісткай у Камітэце дзяржкантролю. А сама Сняжана ідзе ў бізнэс, становіцца вядучай спецыялісткай кампаніі "БелПоўдзеньнафтапрадукт", куды перацягвае са Шклова сваю сястру Ларысу. У 2009-м Ларыса пераходзіць у «Беларусьгандаль» Упраўлення спраў Лукашэнкі.

А Сняжана нейкі час папрацуе ў Палацы Рэспублікі і Федэрацыі хакея Беларусі, а потым стане працаваць выключна ў кампаніях "кашалькоў" Лукашэнкі — "Трайпле", "Сохры", "Газ Венчурэ", "БСЗТ – Новыя тэхналогіі". Паводле звестак "Кіберпартызан", у 2023 годзе Моцная яна была памочніцай кіраўніка кампаніі "Брэміна груп" (якая належыць Аляксею Алексіну, Мікалаю Вараб’ю і Аляксандру Зайцаву) і па сумяшчальніцтве працавала ў кампаніі "Эліксір Маладосці Плюс".

У Колі Лукашэнкі знайшлася верагодная зводная сястра — "Бюро"
Былы кухар Лукашэнкі Міхаіл Анішчанка / фота з яго Інстаграм-акаўнту

Сярод іншых людзей з "блізкага кола" Лукашэнкі расследвальнікі называюць імя кухара Міхаіла Анішчанкі. Ён частаваў кіраўнікоў Германіі, Францыі, Украіны і Расіі падчас перамоваў у Мінску ў 2015 годзе.

У РУП "Кастрычніцкі" Упраўлення спраў Лукашэнкі ён пачаў працаваць у свае 19 гадоў у 2007 годзе. У 2015 годзе Анішчанка зарабляў ад 1200 да 3000 тысяч долараў за месяц — гэта ад двух да пяці сярэдніх беларускіх заробкаў.

Як выявіла "Бюро", Анішчанка праходзіў некалькі стажыровак у расійскіх рэстаранах, адкрытых былым "кухарам Пуціна" Яўгенам Прыгожыным. У прыватнасці, называліся рэстаран "Старая мытня" і "Рэстаран купцоў Елісеевых" у Санкт-Пецярбургу.

У Лукашэнкі, як расказала ананімная крыніца, кухарам часцей за ўсё даводзіцца гатаваць стравы нацыянальнай кухні з бульбы — дранікі, бабку і мачанку. З супоў — беларускі жур.

Пасля 10 гадоў працы ў Лукашэнкі Анішчанка сышоў ад яго і цяпер вядзе кулінарнае шоу на дзяржаўным тэлеканале СТБ і арганізоўвае кулінарныя майстар-класы. Працу над кулінарнымі праектамі Міхаіл сумяшчае з пасадай шэф-кухара ў кулінарнай студыі Le Gourmet і сядзібе Royal Hall у вёсцы Чудзенічы пад Мінскам. 

У Колі Лукашэнкі знайшлася верагодная зводная сястра — "Бюро"
Алена Казак (другая злева) у кампаніі найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі / udf.name

Яшчэ адзін чалавек, які часта бывае каля Лукашэнкі — доктарка-рэаніматолаг Алена Казак. Яна суправаджае Лукашэнку ў паездках з 2016 года. Пры гэтым згодна з дакументамі яна дзейнічае на правах валанцёркі. Паводле даных ФСАН Казак значылася ў РНПЦ "Кардыялогія" ў 2014-2019 гадах, але ў 2019-м яе сярэдні заробак складаў толькі каля 110 рублёў, або 52 долары. А ў 2020-2021 гадах яна і ўвогуле не зарабляла нічога.

У 2020-м Алену Казак неаднаразова заўважалі ў кампаніі найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі — Наталлі Эйсмант і Дзмітрыя Баскава. Тады яны ездзілі па дварах і зразалі бела-чырвона-белыя стужкі. Як высветліў Belpol, тэлефон Казак быў зафіксаваны на "Плошчы Перамен" у дзень забойства Рамана Бандарэнкі.

Напрыканцы 2023 года Алена Казак, як выявіла "Бюро", падалася ў бізнес і змяніла на пасадзе кіраўніцу цэнтра прыгажосці і здароўя "Айрыс". Ён належыць ТАА "Мантпарт". Да Алены Казак дырэктаркай арганізацыі была Наталля Кізік — родная сястра асабістай лекаркі Лукашэнкі Святланы Канашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі