У Літве заявілі, што беларускія памежнікі дапамагаюць кантрабандыстам
На літоўска-беларускай мяжы / delfi.lt
У Літве заявілі, што беларускія памежнікі дапамагаюць не толькі мігрантам, але і кантрабандыстам. Намеснік кіраўніка Памежнай службы Літвы Рымантас Пятраўскас спасылацца на даныя, сабраныя яго падначаленымі за 2022 год, піша Delfi.
"Колькасць цыгарэт, якія перапраўляюцца, зменшылася, але колькасць такіх выпадкаў павялічылася, — кажа Пятраўскас. — Гэта характэрна практычна для ўсяго ўчастка мяжы з Беларуссю".
Кантрабанду з Беларусі ў Літву перапраўляюць дронамі, па вадзе і праз памежныя пераходы. Літоўскі бок заяўляе, што "беларускія памежнікі займаюць нейтральную пазіцыю".
Што да мігрантаў, то літоўскія памежнікі налічылі за год каля 500 спробаў пашкоджання плоту на мяжы. Звычайна гэта адбываецца ў месцах, у якіх яшчэ не ўсталяванае відэаназіранне. Рымантас Пятраўскас кажа, што мае даныя пра дапамогу беларускіх памежнікаў мігрантам — яны фармуюць іх групы, дапамагаюць разбураць плот і перапраўляцца ў Літву. Таму "агрэсіўная палітыка Беларусі ў дачыненні да Літвы і ЕС" не дае "ніякай надзеі, магчымасці расслабіцца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.