У Лондане памёр айцец Аляксандр Надсан
Славутаму ўніяцкаму святару і лідару беларускай эміграцыі было 88 гадоў.
У Лондане памёр вядомы дзеяч беларускай дыяспары, уніяцкі святар Аляксандр Надсан, перадае Радыё "Свабода".
Ён нарадзіўся 8 жніўня 1926 года на Нясвіжчыне. З восені 1944 года ваяваў у арміі Андэрса ў складзе Брытанскіх узброеных сіл. Ад 1946 года Надсан жыў у Вялікабрытаніі, быў адным з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Айцец Аляксандр напісаў некалькі кніг па гісторыі Беларусі, быў кіраўніком беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане, старшынёй Камітэту дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.
У 1994 годзе Ватыкан афіцыйна зацвердзіў літургічныя тэксты для беларусаў-уніятаў, перакладзеныя Надсанам на беларускую мову, адзначае БелаПАН.
У Беларусь айцец Аляксандр прыязджаў у кастрычніку 2010 года на прэзентацыю кнігі "Сонца твае не закоціцца, І месяц твой не схаваецца", выдадзеную да яго 80-годдзя і 50-годдзя яго царкоўнага служэння.
Фота — svaboda.org