У Магілёўскай вобласці збяруць на вучэнні два атрады "народнага апалчэння"
Так выглядае адзін з атрадаў "народнага апалчэння"
22-25 верасня ў Магілёўскай вобласці будзе праходзіць "камандна-штабное вучэнне з сіламі тэрытарыяльнай абароны". Інспектары правераць, у якім стане яны знаходзяцца.
Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, у вучэнні задзейнічаюць жыхароў Магілёўскага, Асіповіцкага і Чавускага раёнаў, якія ўдзельнічаюць у тэрабароне. Таксама збяруць два атрады "народнага апалчэння".
Праграма для "партызан" традыцыйная: адпрацоўка аховы і абароны важных аб'ектаў, праца на блок-пастах, барацьба з дыверсійна-разведвальнымі групамі ўмоўнага праціўніка. На палігоне "Асіповіцкі" артылерыйскія падраздзяленні тэрабароны чакае баявая стральба.
Атрады "народнага апалчэння" ствараюць у Беларусі з 2022 года. Мяркуецца, што ў іх будуць толькі добраахвотнікі (нярэдка былыя міліцыянеры і вайскоўцы), якім давядзецца дапамагаць міліцыі і войску ў змаганні з "дыверсантамі" і "незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі". Аднак, улічваючы нязначную колькасць лаяльных рэжыму грамадзян, гэтыя атрады не будуць шматлікія. Міністр абароны Віктар Хрэнін у траўні паабяцаў, што зброю атрымаюць толькі "свае" людзі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.