У Магілёве бабулю злавілі на крадзяжы з крамы. Яе муж расхваляваўся і памёр

У Магілёве бабулю злавілі на крадзяжы з крамы. Яе муж расхваляваўся і памёр

Увечары 24 ліпеня мінакі звярнулі ўвагу на машыну хуткай дапамогі побач з магілёўскай крамай "Еўраопт" на праспекце Дзімітрава. Дапамога спатрэбілася дзядулі — у сацсетках пішуць, што медыкі не змаглі яго выратаваць. А таксама, што пенсіянер прыйшоў у краму, каб выратаваць жонку, якую супрацоўнікі “Еўраопта” злавілі на крадзяжы.

“Сёння стаў сведкам, як у “Еўраопце” затрымалі бабулю, якая хацела цішком вынесці прадукты. Бабуля купіла фаршу на развес, і прадавачка ўпільнавала, што яна схавала пакет у сумку, а сама пайшла ў бок выхаду. Ну і неяк хуценька паднялі шум, пабеглі, заблакавалі выхад з крамы, выклікалі ахову, — апісвае здарэнне журналіст Алесь Сабалеўскі. — Бабуля, вядома, пачала прасіцца, прапаноўвала заплаціць, скардзілася на кепскае самаадчуванне, але ўсё ж на гэта не пайшлі, дачакаліся міліцыю”.

У Магілёве бабулю злавілі на крадзяжы з крамы. Яе муж расхваляваўся і памёр
Фота: Алесь Сабалеўскі / www.facebook.com/AliesSabalieuski

Праз паўгадзіны да крамы пад’ехала машына хуткай дапамогі. Відавочцы распавядаюць, што гісторыя скончылася трагічна.

“На наступны дзень я прыйшоў у краму, каб даведацца, чым усё вырашылася. Касіркі распавялі мне, што бабуля не адказвала на пытанні, не хацела казаць, хто яна. Пазваніла мужу, які прыйшоў, каб абараніць яе. Але ён так расхваляваўся, што памёр на лавачцы ля крамы”, — распавядае Еўрарадыё Алесь Сабалеўскі.

Натуральна, красці тавары з крамаў — гэта дрэнна. Але ці варта было праз кавалак фаршу даводзіць сітуацыю да такой развязкі? Еўрарадыё звярнулася па каментарый у “Еўраопт”. Але ў там падумалі, і адказалі, што не хочуць “выносіць смецце з хаты”.

У Магілёве бабулю злавілі на крадзяжы з крамы. Яе муж расхваляваўся і памёр
Фота: Алесь Сабалеўскі / www.facebook.com/AliesSabalieuski

У міліцыі Еўрарадыё пацвердзілі, што абодва інцыдэнты, крадзеж у краме і смерць ля крамы, мелі месца. Але на пытанне, ці звязаныя яны, ва УУС Магілёўскага аблвыканкама адказаць не змаглі. А пасля ўвогуле адмовіліся ад каментарыяў, скарыстаўшыся надуманай прычынай: маўляў, адкуль мы ведаем, што нам тэлефануе журналіст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі