У маршрутчыкаў рыхтуюцца забіраць аўтамабілі за парушэнні
Маршрутчыкам стане жыць складаней / grodno24.com
У маршрутчыкаў, якія "не адрэагуюць на штрафы і папярэджанні" хочуць забіраць аўтамабілі. Ужо разглядаюцца змены ў ПДР. Пра гэта распавёў першы намеснік начальніка Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Юрый Касцюк.
— Не ўсе рэагуюць на штрафы, тым больш на папярэджанні. Так што адабранне транспартнага сродку — вымушаная мера. Праца ў гэтым кірунку вялася ўжо даўно: рыхтаваліся адпаведныя дакументы.
Чыноўнік кажа пра бяспеку людзей і адразу згадвае нядобрасумленную канкурэнцыю.
— Усё гэта робіцца не для таго, каб стварыць перавозчыкам праблемы, а каб упарадкаваць дзейнасць тых, хто займаецца нядобрасумленнай канкурэнцыяй, у тым ліку эканомячы на бяспецы. Цяпер мы гаворым не пра канфіскацыю аўтамабіля, а менавіта пра адабранне. На які тэрмін — вырашыць суд. Можа быць, на месяц ці больш.
У лютым у Беларусі адбылося некалькі трагічных аварый з маршруткамі. У адну з іх на слізкай дарозе ўрэзаўся грузавік — загінула 11 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.