У Мінабароны распавялі, што вагнераўцы яшчэ не глядзелі лагер пад Асіповічамі
Палявы лагер пад Асіповічамі / t.me/news_sirena/
У Міністэрстве абароны Беларусі распавялі, што вагнераўцы яшчэ не глядзелі палявы лагер пад Асіповічамі ў Магілёўскай вобласці. Як паведамляе ТАСС, генерал-маёр Леанід Касінскі, "ідэолаг" з Мінабароны пацвердзіў, што яшчэ няма канчатковага рашэння наконт іх знаходжання ў нашай краіне.
"Не, аператыўныя групы пакуль не прыязджалі, не вызначаліся, не глядзелі, — кажа Касінскі. — Я думаю, што калі будзе прынятае канчатковае рашэнне групай "Вагнер" размяшчацца ці не размяшчацца ў Беларусі, тады і будуць глядзець".
Генерал называе лагер пад Асіповічамі "летнім". Паводле яго слоў, яго стварылі "ва ўзаемадзеянні з органамі мясцовай улады". Ён здольны прыняць каля 5 тысяч чалавек (раней у СМІ былі розныя лічбы — ад 8 да 15 тысяч).
"Гэты лагер разгортваўся для трэніроўкі як вайскоўцаў, так і прадстаўнікоў грамадзянскай адміністрацыі ў рамках разгортвання сістэмы тэрытарыяльнай абароны", — дадае прадстаўнік Мінабароны РБ.
На сустрэчы з журналістамі ў чацвер Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што вагнераўцы яшчэ не прыбылі ў Беларусь (праўда, ёсць звесткі, што іх тут ужо бачылі), яны дагэтуль знаходзяцца ў сваіх лагерах на акупаванай тэрыторыі Украіны ці ў РФ. Больш таго, ён прызнаўся, што пытанне іх перадыслакацыі ў Беларусь пакуль не вырашана.
Здымкі меркаванага лагера вагнераўцаў пад Асіповічамі з'явіліся 3 ліпеня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.