У Беларусі будуюць найвялікшы ў краіне вайскова-палявы лагер
Лагер у Асіповіцкім раёне / Planet Labs PBC
У Беларусі будуюць вайскова-палявы лагер на 15 тысяч чалавек, паведамляе Радыё Свабода. З'явіліся новыя здымкі былой вайсковай часткі каля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці, зробленыя са спадарожніка. Сваімі памерамі лагер перавышае іншыя вядомыя палявыя лагеры ў Беларусі, дзе праходзяць падрыхтоўку да вайны з Украінай мабілізаваныя расійскія салдаты.
25 чэрвеня стала вядома, што ў Беларусі могуць размясціць тысячы вагнераўцаў, якія ваявалі супраць Украіны. Адно з месцаў іх дыслакацыі, магчыма, і рыхтуецца ў Асіповіцкім раёне.
На фота, зробленым са спадарожніка 24 чэрвеня, лагера каля вёскі Цэль, яшчэ не відаць. Прыкметы будаўніцтва з'явіліся праз тры дні. Там не толькі ўсталявалі намёты, але і аднаўляюць былыя казармы, узнаўляюць у іх вадаправод і сістэму ацяплення.
Свежыя спадарожнікавыя выявы больш высокай якасці і на іх пабудаваныя ля Цэлі аб’екты можна разгледзець дэталёва. На фота можна ўбачыць дзясяткі аб’ектаў прастакутнай формы, якія нагадваюць палявыя намёты для размяшчэння людзей. Яны знаходзяцца на пляцоўках паміж старымі будынкамі вайсковай часці. Агулам удалося налічыць больш за 300 намётаў. Кожны з іх можа змясціць ад 20 да 50 чалавек. Пры гэтым вайсковай тэхнікі не відаць. Па іншых ацэнках, у лагеры можа змясціцца 8-9 тысяч чалавек.
Тым часам краіны ЕС, якія мяжуюць з Беларуссю, а таксама Украіна заклапочаныя з'яўленнем вагнераўцаў у РБ. Мяркуецца, што іх размесцяць у некалькіх раёнах краіны, і яны будуць трэніраваць беларускіх вайскоўцаў і сілавікоў. Аднак дагэтуль невядома, колькі іх можа прыехаць з Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.