Лукашэнка хацеў паказаць заходнім журналістам, што ён не васал — Шрайбман
Аляксандр Лукашэнка / Reuters
Аляксандр Лукашэнка заклапочаны тым, як апошнім часам успрымаюць яго рэжым на Захадзе ў плане страты суб'ектнасці ў адносінах з Масквой. Таму зусім невыпадкова 6 ліпеня заходнія журналісты былі запрошаныя на сустрэчу з ім.
"Лукашэнка хацеў паказаць, што ён — гаспадар становішча, што ён не васал, — кажа ў каментары Еўрарадыё палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман. — Спрачаўся з тымі, хто казаў пра суверэнітэт. Казаў, што наконт ядзернай зброі Пуцін з ім параіцца. Хаця ўжо стала ясна, што ён не можа сцвярджаць, што ў яго будзе права гэтую ядзерную зброю выкарыстаць. Ва ўсім намагаўся сябе паказаць суб'ектам. Я ўвогуле думаю, што ўся гэтая канферэнцыя, яна якраз была пра тое, што Лукашэнка спрабуе выкарыстаць сваю ролю ў гэтым вагнераўскім кейсе, каб паказаць рост уласнай значнасці. Прэзентаваць гэта, а таксама ядзерную зброю Захаду, як нейкую прыступку наверх у яго суб'ектнасці".
Аднак на Захадзе ўжо ўсё даўно зразумелі — і гэтыя высілкі Аляксандра Лукашэнкі і яго прапаганды проста смешныя.
"Відаць, у Мінску ёсць людзі настолькі наіўныя, якія лічаць, што на Захадзе ўсур'ёз вераць, што Лукашэнка там згуляў [у сітуацыі са спыненнем паходу вагнераўцаў на Маскву] нейкую аўтаномную, значную ролю", — гаворыць Шрайбман.
Што да вагнераўцаў, то яшчэ вялікае пытанне, наколькі прывабная для іх Беларусь. "Таму ёсць верагоднасць, што яны не з'явяцца, ці іх з'явіцца вельмі мала, ці яны з'явяцца на некаторы час", — мяркуе палітычны аглядальнік. Ён не думае, што тысячы іх могуць тайна з узбраеннямі перакінуць у нашу краіну.
"Наконт заявы Лукашэнкі, што яны павінны будуць абараняць Беларусь, калі яны будуць тут знаходзіцца, ён можа любыя ім умовы "намаляваць". Але чым больш умоў, тым большая верагоднасць, што ніхто не паедзе", — дадае Арцём Шрайбман.
На сустрэчы з журналістамі ў чацвер Аляксандр Лукашэнка сцвярджаў, што вагнераўцы яшчэ не прыбылі ў Беларусь, яны дагэтуль знаходзяцца ў сваіх лагерах на акупаванай тэрыторыі Украіны ці ў РФ. Больш таго, ён прызнаўся, што пытанне іх перадыслакацыі ў Беларусь пакуль не вырашана. Аднак ёсць звесткі, што каля 200 вагнераўцаў заўважылі на тэрыторыі вайсковага палігона "Лосвіда" ў Віцебскім раёне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.