У мінскай кавярні наліваюць літр капучына. Вам з сабой ці на месцы?
Кава, фота ілюстрацыйнае
У мінску з'явілася ідэальная лакацыя для спаткання двух абжораў. У кавярні Lovemyrr насупраць Нацыянальнага мастацкага музея прапануюць сэт, у які ўваходзіць два літровыя кубкі капучына.
Другая частка сэта — тварогавае кальцо, якое важыць паўкілаграма. За набор з двух кубкаў кавы і двух колцаў просяць 60 рублёў.
Праўда, спантанна за сэтам лепш не хадзіць — у кавярні могуць згатаваць толькі тры такія наборы ў дзень, так што просяць бранираваць літры кавы загадзя.
Калі ўжо вы і ад гэтага не прачнецеся — мы проста не ведаем, што яшчэ прапанаваць! Хаця, ведаем: Lovemyrr не пачынае, а працягвае трэнд восеньскай гігантаманіі ў Мінску. Не так даўно ў адным з бістро клікалі на шасцілітровы кубак кавы! А яшчэ мы расказвалі, што ў адной з пякарняў могуць згатаваць самы вялікі круасан у вашым жыцці — у сумачку ён дакладна не ўлезе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.