У мінскім анкалагічным дыспансеры — "лакальная надзвычайная сітуацыя"
Там адбылася разгерметызацыя ёмістасці адстойніка, куды скідалі адкіды з аддзялення радыеёдтэрапіі.
У Мінскім гарадскім клінічным анкалагічным дыспансеры адбылася сітуацыя, якую выратавальнікі класіфікавалі як "лакальную надзвычайную сітуацыю". Як мяркуецца, там адбылася разгерметызацыя ёмістасці адстойніка, куды скідалі вадкія адкіды з аддзялення радыеёдтэрапіі (перыяд паўраспаду ёду-131 — 8 дзён). У выніку, радыёактыўныя адкіды раптоўна запоўнілі да 99,6% адстойніка.
Прэс-служба МНС адзначае, што пагрозы для здароўя персаналу і насельніцтва няма, як адсутнічае і пагроза забруджвання тэрыторыі. У аддзяленні радыёёдтэрапіі часова прыпынілі правядзенне працэдураў. Адзначаецца, што на аб'екце вядзецца штодзённы радыяцыйны кантроль. Там працуе камісія па надзвычайных сітуацыях.
У іншай інфармацыі МНС паведамляецца, што згаданая сітуацыя ў анкалагічным дыспансеры склалася яшчэ 6 лютага. Класіфікацыю "лакальная надзвычайная сітуацыя" ёй далі ў сераду, 18 сакавіка.