У Мінску аштрафавалі апазіцыянера, які прапаноўваў каранаваць Лукашэнку
Мікалая Лусто затрымалі 24 ліпеня каля будынка ЦВК. З плакатам "Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не — выбарам!" ён не прастаяў і хвіліны.
У панядзелак, 27 ліпеня, Маскоўскі суд Мінска прызнаў Мікалая Лусто вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце. Суддзя Таццяна Матыль аштрафавала яго на 4,5 млн рублёў, інфармуе Радыё Свабода.
Як паведамляла Еўрарадыё, актывіст грамадскага аб’яднання "Альтэрнатыва" (зарэгістраванае ў Латвіі) і сябра Партыі БНФ правёў 24 ліпеня адзіночны пікет каля будынка Цэнтрвыбаркама. З плакатам "Навошта выбіраць? Трэба каранаваць! Не — выбарам!" Мікалай Лусто не прастаяў і хвіліны, яго затрымалі.
Апазіцыянер прызнаў сваю віну часткова. Ён не адмаўляў, што выйшаў на адзіночны пікет, але казаў, што кіраваўся Канстытуцыяй, якая гарантуе свабоду выказвання меркаванняў і права на мірныя сходы.
Фота: svaboda.org, Facebook