У Мінску аштрафавалі ўдзельнікаў акцыі з запаленымі свечкамі каля КДБ
16 лістапада ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядаліся адміністратыўныя справы ўдзельнікаў акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля будынку КДБ. Акцыя прайшла 29 кастрычніка — у чарговую гадавіну масавага знішчэння прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі.
У акцыі прынялі ўдзел каля паўтара дзясятка чалавек. Яны нядоўга пастаялі з партрэтамі рэпрэсаваных у сталінскія часы пісьменнікаў і навукоўцаў. Потым удзельнікі акцыі паставілі на прыступкі КДБ знічы і разышліся. Міліцыянты склалі пратаколы на ўсіх удзельнікаў акцыі.
Марыну Адамовіч суддзя Наталля Вайцэховіч абвінаваціла ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — у “дэманстрацыі запаленай свечкі”, як запісана ў пратаколе. Яе аштрафавалі на 105 рублёў (5 базавых велічыняў), паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Леаніда Кулакова і Уладзіміра Яроменка судзілі без іх удзелу і аштрафавалі кожнага на 1050 рублёў (50 базавых).