У Мінску будуць судзіць мужчыну, які выкінуў таксу з акна пятага паверху

У Мінску будуць судзіць мужчыну, які выкінуў таксу з акна пятага паверху

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы на 28-гадовага мінчука. Яго вінавацяць у жорсткім абыходжанні з жывёлай, якое пацягнула яго гібель, учыненае з хуліганскіх і іншых нізкіх памкненняў, паведамляе прэс-служба СК.

Па звестках следства, здарэнне адбылося раніцай 26 жніўня 2017 года на вуліцы Скрыпнікава ў сталічным мкрараёне Сухарава. Мужчына ў кватэры сваёй знаёмай схапіў яе сабаку і выкінуў праз акно. У момант здарэння мужчына знаходзіўся на кухні разам з сябрам, з якім разам выпіваў. Гаспадыня таксы знаходзілася ў іншым пакоі.

Мужчына распавёў праваахоўнікам, што ён раззлаваўся ад таго, што шчанюк спрабаваў прыцягнуць да сябе ўвагу: перыядычна брахаў і павіскваў. Таму ён вырашыў пазбавіцца жывёлы. Пры гэтым мінчук разумеў, што сабака разаб'ецца насмерць. 

Відавочцамі здарэння на вуліцы сталі некалькі мужчын. Спярша яны пачулі брэх сабакі з верхніх паверхаў. А потым яны ўбачылі, што яго кінулі з акна. Грамадзяне падышлі да жывёлы, аднак дапамагчы сабаку ўжо не маглі. На месца здарэння сведкі выклікалі міліцыю.

Паведамляецца, што мужчына раней ужо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за карыслівыя злачынствы, ён нідзе не працуе, па месцы жыхарства характарызуецца адмоўна. Падчас следства мужчына прызнаўся ў зробленым і раскаяўся. 

Крымінальная справа накіраваная ў суд для разгляду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі