У Мінску лекары "хуткай" пачалі ездзіць на выклікі з дыктафонам
Эксперымент праводзіцца пакуль толькі ў 3-й падстанцыі ў мікрараёне Серабранка.
У Мінску лекары хуткай меддапамогі пачалі ездзіць на выклікі з дыктафонам. Праўда, не ўсе. Эксперымент праводзіцца ў 3-й падстанцыі ў мікрараёне Серабранка. Лічбавы запіс мусіць дапамагчы пахвілінна аднавіць размову брыгады і пацыента.
Як адзначае газета "СБ. Беларусь сегодня", здараліся выпадкі, калі медыкі чулі ад пацыентаў абразы. Часам людзі скардзяцца на медработнікаў. Новаўвядзенне Мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі заклікана дапамагчы абодвум бакам "лепш кантраляваць эмоцыі".
Дарэчы, лекар будзе весці запіс адкрыта, мусіць папярэдзіць пра гэта пацыента і яго сваякоў. Пасля заканчэння дзяжурства запіс з дыктафона будзе захоўвацца на працягу 45 дзён у камп'ютары на падстанцыі. Калі эксперымент дакажа сваю эфектыўнасць, ужо сёлета ўсе брыгады "хуткай" у сталіцы атрымаюць дыктафоны.
Фота: sb.by