У Мінску працягнуўся разгляд крымінальнай справы 17 наркагандляроў
9 лістапада Мінскі гарадскі суд працягнуў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Канстанціна Вілюгі і іншых 16 абвінавачаных у злачынствах, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў. Як паведамляе БелаПАН, галоўны фігурант па самай гучнай справе аб распаўсюдзе наркотыкаў Вілюга зачытаў свой зварот у КДБ. Ён папрасіў пра сустрэчу з супрацоўнікамі камітэта, заявіўшы, што ў яго ёсць "асаблівая інфармацыя".
Паводле слоў Канстанціна Вілюгі, гэтая інфармацыя не тычыцца яго крымінальнай справы, але ўяўляе асаблівую цікавасць для спецслужбаў. "Дзесяць дзён таму я адправіў скаргу, аднак мой зварот, падобна, не выпускаюць з СІЗА № 1, таму я хачу праз журналістаў зараз звярнуцца", — сказаў абвінавачаны.
На 10 лістапада запланаваныя судовыя спрэчкі. Першым выступіць пракурор, які абвесціць, якога пакарання, на яго думку, заслугоўваюць абвінавачаныя.