У Мінску пройдзе сямігадзінны фартэпіянны марафон

Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу амбасады Францыі.

У адзін вечар прагучаць усе фартэпіянныя творы кампазітара Філіпа Гласа, а таксама некалькі дзясяткаў твораў-прысвячэнняў, напісаных спецыяльна для праекта аўтарамі з болей чым 90 краін.

Філіп Глас уваходзіць у лік найбольш аўтарытэтных амерыканскіх кампазітараў. Ён вядомы як заснавальнік музычнага мінімалізму. Сусветную папулярнасць ён набыў дзякуючы саўндтрэкамі да фільмаў “Кундун”, “Шоў Трумана”, “Ілюзіяніст”, а таксама музыцы, напісанай для цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў 1984 году ў Лос-Анджэлесе.

Аўтар і выканаўца праекту — французскі кампазітар і піяніст Нікаля Харват. Канцэрт у Мінску праходзіць у рамках сусветнага турнэ музыканта.

Канцэрт-марафон “Сусвет Гласа” пройдзе ў сталічным Доме дружбы народаў (вуліца Захарава, 28). Пачнецца ён у 18.00. Цягам сямі гадзінаў слухачы могуць свабодна пакідаць залу і вяртацца пры наяўнасці вольных месцаў. Што да ўваходных квіткоў, то кожны слухач сам вырашыць, колькі ён захоча за іх заплаціць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі