У Мінску рыхтуецца трыб'ют "Песнярам"
У ім возьмуць удзел 12 выканаўцаў і гуртоў, якія працуюць у розных музычных кірунках і на якіх паўплывала творчасць "Песняроў".
У Мінску рыхтуецца трыб'ют "Песнярам". Па задуме стваральнікаў праекта, партала Tuzin.fm, фонду "Вяртанне" і кампаніі "Будзьма беларусамі", у ім возьмуць удзел 12 выканаўцаў і гуртоў, якія працуюць у розных музычных кірунках.
Праект "Re:Песняры" прысвечаны 45-годдзю заснавання славутага гурта. Па словах кіраўніка праекта Сяргея Будкіна, юбілей стаў добрай нагодай паказаць уплыў "Песняроў" на беларускую сучасную музыку. "Трыб'ют — гэта водгук музыкаў новага пакалення на тое, што зрабілі Мулявін з кампаніяй", — рэзюмуе Будкін.
Да ўдзелу ў праекце запрошаныя музыкі, на якіх творчасць "Песняроў" сапраўды паўплывала. Сярод іх — гурты Akute, Tonqixod, Re1ikt, Dzieciuki, "Палац", Зміцер Вайцюшкевіч, Сяргей Пукст і іншыя.
Трыб'ют "Песнярам" мае статус афіцыйнага. Ідэю падтрымаў беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры". Версіі песень, запісаных для трыб'юта, паслухаюць музыкі цяперашніх "Песняроў" а таксама кампазітар Ігар Лучанок.
Рэліз праекта прызначаны на восень 2014 года. На верасень запланаваная таксама і канцэртная прэзентацыя.
Фота: niemen-muzey.by