У Мінску суд апраўдаў журналістку Дзіяну Серадзюк
У Мінску суд Першамайскага раёна апраўдаў журналістку Дзіяну Серадзюк. Ён прызнаў яе невінаватай, справу закрылі. А вінавацілі Серадзюк у парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў падчас нядаўніх падзеяў каля Курапатаў, інфармуе прэс-служба БАЖ.
Сведкі, працаўнікі "Белрэканструкцыі", заявілі ў судзе, што падпісвалі пратаколы, якія ім давалі супрацоўнікі міліцыі. А адзін з мужчын сказаў, што ў пратакола і дакумента, які ён падпісваў, ёсць сур'ёзныя разыходжанні. У прыватнасці, у пратаколе ідзе размова пра Дзіяну Серадзюк, а сведка сказаў у судзе, што ніколі яе не бачыў і не ведае, што яна рабіла 21 лютага. У пратаколе было пазначана, што ён быццам бы пазнаў Дзіяну па фотаздымках. Аднак мужчына заявіў, што ніякіх фота яму не паказвалі.