У Мінску ёсць акруга, па якой у гарсавет ідзе 12 кандыдатаў
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прагназуе жорсткую барацьбу на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 28-га склікання ў Мінску. Такія высновы дазваляе зрабіць статыстыка па зарэгістраваных ініцыятыўных групах, якія зараз займаюцца зборам подпісаў. У сталіцы Беларусі ніводная з 57 выбарчых акругаў не засталася безальтэрнатыўнай.
Больш за ўсё ініцыятыўных груп зарэгістравана ў Фрунзенскім раёне. Па Каменнагорскай выбарчай акрузе іх 12, яшчэ ў двух акругах — па дзевяць. Па Акадэмічнай выбарчай акрузе ў Першамайскім раёне подпісы збіраюць восем груп, піша БелТА.
Па Асаналіеўскай выбарчай акрузе, дзе ў дэпутаты гарсавета ідзе Дзяніс Ціханенка (памочнік дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай) зарэгістравана 7 ініцыятыўных груп.
"Гэта добры адказ тым, хто сцвярджае, што ўдзел апазіцыі ў выбарах дапамагае ўладзе нешта там легітымізаваць. Ну, не будзе аднаго-двух чалавек у спісе кандыдатаў. І? Улада без праблем створыць бачнасць выбараў, а апазіцыя яшчэ больш маргіналізуецца", — лічыць Дзяніс Ціханенка, ініцыятыўная група якога, па яго словах, ужо сабрала больш за 1 тысячу подпісаў.