У Мінску за тыдзень перакулілася трэцяя “хуткая дапамога”

Дзяржаўтаінспекыя Беларусі аб’явіла акцыю “Прапусці хуткую!”, у межах якой кіроўцы павінны прапускаць машыны хуткай медыцынскай дапамогі. За апошні тыдзень мінчукі пратаранілі ўжо тры машыны медыкаў. У мінулую нядзелю на скрыжаванні вуліцы Шчорса і праспекта Дзяржынскага кіроўца “Опеля”, едучы на зялёнае святло, не прапусціў “хуткую”, якая з мігалкай і сірэнай везла пацыента ў лякарню, паведамляюць афіцыйныя СМІ.

У выніку медыцынская “Газель” перакулілася і праехала на баку каля 10 метраў. Лекар атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Пацярпела таксама і пацыентка. Нагадаем, тыдзень таму на скрыжаванні вуліц Сурганава і Якуба Коласа “Нісан” перакуліў медыцынскую машыну на бок. А ў аўтамабіль медыкаў ззаду пратараніў БМВ, якім кіраваў п'яны кіроўца.

Машына імчалася з хуткасцю 100 кіламетраў за гадзіну. "Хуткая" перакулілася і праехала на баку амаль 20 метраў. БМВ знёс некалькі метраў агароджы і загарэўся. Інспектары паспелі выцягнуць кіроўцу і дзяўчыну-пасажыра.

Ні кіроўца, ні пасажыр іншамаркі сур'ёзна не пацярпелі, а вось у фельчара "хуткай" пералом ключыцы, у кіроўцы чэрапна-мазгавая траўма. Кіроўца БМВ, 1980 года нараджэння, аказаўся раней судзімым. Ён нават не меў пасведчання кіроўцы. Да таго ж катаўся на чужой машыне. Гаспадар на час аддаў аўто для паліроўкі кузава.

Як адзначаюць лекары, верагодна, “Газель” не вельмі добрая машына, у якой цяжкі верх і лёгкі ніз, з-за чаго яна з лёгкасцю перакульваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі