У Мінску за вулічныя акцыі падчас выбараў сёння аштрафавалі восем чалавек
6 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска разглядаліся справы людзей, абвінавачаных у вулічных акцыях падчас выбараў.
За ўдзел у акцыі 15 лістапада, калі пратэстоўцы прайшлі ад Кастрычніцкай плошчы да Цэнтрвыбаркама, Максім Вінярскі аштрафаваны на 1275 рублёў (50 базавых), паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
На такую ж суму аштрафаваныя Арцём Чарняк, Андрэй Шарэнда, Дзяніс Урбановіч.
Па 765 рублёў (30 базавых) павінныя заплаціць Наста Гусева і Андрэй Войніч. На 637,5 рубля (25 базавых) кожны аштрафаваныя Зміцер Казлоў і Наталля Саматыя.
Суд над Алесем Круткіным перанеслі на 10 снежня, бо цяпер хлопец адбывае адміністрацыйны арышт за перапост допісу з заклікам выйсці на плошчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.