У Мінску затрымалі расіяніна — патэнцыйнага баевіка "Ісламскай дзяржавы"
У Нацыянальным аэрапорце "Мінск" 26 ліпеня беларускія праваахоўнікі затрымалі 27-гадовага расіяніна. Яго падазраюць у сувязях з тэрарыстычнай групоўкай "Ісламская дзяржава", перадае тэлеканал АНТ.
Паведамляецца, што гэты масквіч некалькі гадоў таму прыняў іслам. Па версіі аператыўнікаў, мужчына прайшоў падрыхтоўку ў спецыяльным лагеры баевікоў "Ісламскай дзяржавы". Ён выдатна валодае агнястрэльнай і халоднай зброяй, а таксама мае навыкі рукапашнага бою.
Затрымоўвалі яго супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС. Інфармацыю беларускія праваахоўнікі атрымалі ад маскоўкіх калег.
Аператыўны супрацоўнік ГУБАЗіК МУС Беларусі паведаміў журналістам, што масквіч ляцеў у Стамбул, а з Турцыі збіраўся пераправіцца ў Сірыю, каб ваяваць на баку "Ісламскай дзяржавы": "У цяперашні момант праводзяцца праверачныя мерапрыемствы, дзеянням названага грамадзяніна будзе дадзеная прававая ацэнка. У выпадку адмовы ад узбуджэння крымінальнай справы паказаны грамадзянін будзе дэпартаваны з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з забаронай уезду на пэўны адрэзак часу".
У каментары тэлеканалу "Беларусь 1" праваахоўнікі паведамілі таксама, што гэта не першы такі выпадак. Па іх словах, патэнцыйныя баевікі не могуць вылецець у Турцыю з Расіі, таму спрабуюць скарыстацца "беларускім калідорам".