У Мінску затрымлівалі фотакарэспандэнта Уладзя Грыдзіна
Праваахоўнікі мелі прэтэнзіі з нагоды фотаздымкі ў судзе.
Фотакарэспандэнт Уладзь Грыдзін быў затрыманы сёння ў судзе Заводскага раёна Мінска. Там цяпер праходзіць працэс над Дзянісам Замяталіным, сынам вядомага беларускага чыноўніка і ідэолага Уладзіміра Замяталіна. Пра затрыманне фотакарэспандэнта БелаПАН паведаміў са спасылкай на журналіста Радыё Свабода Алега Груздзіловіча, які таксама знаходзіцца ў гэтым судзе і асвятляе працэс.
Паводле Груздзіловіча, Грыдзіна затрымалі, калі ён увайшоў у залу, дзе павінен быў праходзіць працэс, і зрабіў некалькі здымкаў. Журналіст не паспеў паразмаўляць з фатографам, але пачуў, што міліцыянты казалі яму, што любая здымка ў зале без дазволу суда забароненая. Пры гэтым Грыдзін фатаграфаваў толькі да пачатку працэсу.
Неўзабаве фотакарэспандэнт быў адпушчаны з міліцыі.
Як напісала ў Facebook прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова, Грыдзін здымаў канваіраў у калідоры будынка.
Міліцыя патрабуе ад фатографа Уладзя Грыдзіна вярнуцца ў пастарунак
Фота: Facebook