У Мінску затрыманы лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч

Лідэра “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча, а таксама сябра арганізацыі Мікалая Дзямідзенку затрымалі міліцыянты ўвечары 12 лютага каля будынка Нацбанку ў Мінску. Яны ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту каля следчага ізалятара на Валадарскага, дзе ўтрымліваюцца затрыманыя ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка. Маладафронтаўцы, якіх было больш за дзясятак, трымалі ў руках фотаздымкі гэтых людзей, скандавалі “Свабоду палітвязням!”.

Як паведамляе БелаПАН, да раніцы Дашкевіч і Дзямідзенка будуць знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. 13 лютага мусіць адбыцца суд.

Нагадаем, што на 14 лютага “Малады фронт” рыхтаваў вулічную акцыю, прымеркаваную да Дня святога Валянціна, але мінскія ўлады дазвол на яе правядзенне не далі. У адказ маладафронтаўцы выказалі намер падаць у суд на чыноўнікаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі