У МУС прагназуюць “новае прышэсце” ў Беларусь гераіну
Такімі “традыцыйнымі наркотыкамі” наркадылеры, на думку сілавікоў, паспрабуюць замясціць спайсы, якія стала складана распаўсюджваць.
У аўторак, 23 чэрвеня прадстаўнікі МУС і Мінздароўя падчас прэс-канферэнцыі падвялі прамежкавыя вынікі “антынаркатычнай рэвалюцыі” ў Беларусі.
Кіраўнік міліцэйскага Упраўлення па наркакантролі Васіль Лосіч адзначыў, што меры дэкрэту №6 абрэзалі беларускі наркарынак амаль напалову. Наша краіна стала першай у свеце, дзе любыя спайсы, маркі, парашкі ды іншыя псіхатропы новага пакалення забараняюць за 3-5 дзён, а не за месяцы, як гэта было раней.
Пры гэтым Лосіч прагназуе, што цяпер дылеры паспрабуюць больш распаўсюджваць у Беларусі такія “традыцыйныя" наркотыкі, як гераін і марыхуану. Гэтаму паспрыяе і пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў постсавецкіх краінах.
“Будуць выбудоўвацца новыя каналы наркатрафіку. Будзе аднаўляцца “Паўночны шлях” — транзіт афганскіх наркотыкаў праз постсавецкія краіны ў Еўропу”, — адзначыў кіраўнік беларускага Наркакантролю.
З’яўленне таго ж гераіну не самая горшая прыкмета ў нашых умовах. Каштуе ён у разы больш, чым любыя “дызайнерскія наркотыкі”, дый набыць яго нашмат больш складана. Адпаведна, менш людзей будзе ўцягвацца ў наркаманію, а распаўсюднікі не змогуць пазбягаць адказнасці дзякуючы прабелам у заканадаўстве, як было раней.
Фота livescience.com