“У параўнанні з кітайскімі, беларускія трактары трохі лепшыя па якасці”
Дылеры, што гандлююць нашымі трактарамі ў Беларусі, Арменіі, Германіі і Расіі, расказваюць Еўрарадыё пра якасць беларускай тэхнікі і праблемы.
Віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч публічна гаворыць прэзідэнту пра неканкурэнтаздольнасць усіх беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў.
Пётр Пракаповіч: "Аляксандр Рыгоравіч, трэба ж быць рэалістамі — у нас няма ні аднаго машынабудаўнічага прадпрыемства, якое было б канкурэнтаздольнае з сусветнымі лідарамі. Трэба яшчэ ўкласці мільярды і сотні мільёнаў — гэта рэальнасць".
А прэм’ер-міністр Мясніковіч заўважае рост колькасці рэкламацый беларускіх трактароў.
Беларускія дылеры трактароў МТЗ, як толькі чуюць пытанне пра неканкурэнтаздольнасць, кідаюць слухаўку! Урэшце менеджар па продажах “Верхнядзвінскага райаграсэрвісу” сячэ з-за пляча:
“У нас самы лепшы трактар у свеце! — і дадае: Ну… бо іншых у нас няма”.
Высвятляю, чым беларускі трактар “самы лепшы”. Коштам і надзейнасцю!
“Трактар “Беларус” — ён і ў немцаў працуе, і ў прыбалтаў, і ў палякаў. Тут суадносіны кошт-якасць. Мінімум выдаткаў на тэхабслугоўванне: залівай дызель, правярай аліву — і можна працаваць, працаваць, працаваць!” — кажа дылер і заўважае, што нараканняў на машыну няма. Нават раіць купіць трактар замест, да прыкладу, "мерсэдэса".
“Самы папулярны трактар "Беларус" — каля 180 мільёнаў рублёў, John Deere будзе каштаваць 40 тысяч долараў. Калі ёсць лішнія грошы, купіце трактар МТЗ-82 і на хлеб сабе заробіце”.
Менеджар па продажах з Арменіі Сяргей кажа, што трактары “Беларус” тут прадаюцца праз дзяржпраграмы. Частку субсідуе дзяржава, частку плаціць пакупнік — атрымліваецца нават танней, чым на заводзе. Пытаюся, ці канкурэнтаздольныя беларускія трактары. Сяргей удакладняе:
“У параўнанні з кітайскімі?”
Ну, калі іншых варыянтаў няма, пагаджаюся і на гэта. Аказваецца, беларускі трактар даражэйшы за кітайскі: наш каштуе 25 тысяч долараў, кітайскі на 6-7 тысяч таннейшы. Праблемы з беларускімі трактарамі пачынаюцца праз год эксплуатацыі, калі… сканчаецца гарантыя.
“Пакупнікі скардзяцца на каробку перадач, на якасць зборкі, пластык, бывае, дыскі пагнутыя. У параўнанні з кітайскімі — яны трохі лепшыя па якасці. Кітайскія таннейшыя, але складана дастаць запчасткі. Вось на беларускія прасцей”, — расказвае Сяргей.
Калі ў Арменіі гарантыя на беларускі трактар — год, дык у Германіі — два. І растэрміноўка плацяжоў на два гады, калі кліент надзейны. Гэта нават больш, чым дае сам МТЗ!
"А інакш нельга працаваць на рынку!" — і я літаральна бачу, як менеджар па продажах у Германіі Іван жэстыкулюе ад маёй недасведчанасці.
У 2013 годзе продажы "Беларусаў" сапраўды знізіліся — на 5%. Паводле слоў Івана, канкурыраваць з мегагігантамі John Deere ці Fendt cкладана. Таму трэба дапрацоўваць трактары ў Германіі. Тут на месцы ў наш трактар дадаюць кандыцыянеры і нават радыё. Няхай гэта і робіць даражэйшым, але пакупнік гатовы плаціць.
“У нас працуе перадпродажны сэрвіс. Мы дакручваем, дамазваем усё. Бо тут вельмі патрабавальны пакупнік. Калі нават нейкая драпіна — гэта можа паўплываць на кошт!. Даводзім да розуму трактар, каб жанчына — а многія жанчыны ездзяць на трактарах — магла сесці ў калготачках і паехаць у краму! Дастаўляем радыё, бо ў камплекце няма, а мы дастаўляем, таксама дастаўляем кандыцыянеры”, — распавядае Іван.
З-за такога апгрэйду нараканняў вельмі мала, трактары у Германіі купляюць звычайна сем’і ды дробныя фермеры. Да таго, наша тэхніка таннейшая ў параўнанні з імпартнай.
Расійскія дылеры з ААТ “Агратэхнапарк” спачатку перапытваецца ў мяне, як казаць пра беларускія трактары — добра ці як ёсць? Кажуць, што нараканняў шмат:
“Утыкаеце хуткасць — трактар трашчыць, гэта ненармальна. Адзін раз перагрэўся рухавік, працякае “раздатка”, “сальнікі”. Ну, тое, што пры мінус 25 трактар не заводзіцца, я вам не адкрыццё зраблю?”
І пры гэтым пастаянны рост коштаў!
“Са студзеня кошт вырас на 2000 расійскіх рублёў, з лютага яшчэ на 2%, з 10 лютага яшчэ на 3% кажуць! А якасць застаецца. Мы ледзь паспяваем цэннікі мяняць!”.