У Польшчы выявілі падпольную тытунёвую фабрыку, дзе працавалі беларусы
Аперацыя на падпольнай тытунёвай фабрыцы
У Мазавецкім ваяводстве Польшчы выявілі падпольную фабрыку па вытворчасці цыгарэт, паведамляе Памежная служба Польшчы.
Ператрусы ў трох прыватных дамах і адной кватэры правялі памежнікі, паліцыя і падаткавікі. Выявілася, што там перапрацоўвалі тоны тытуню, а гатовыя вырабы фасавалі ў скрынкі для піцы: у кожнай змяшчалася па чатыры тысячы штук.
У адным з будынкаў праваахоўнікі знайшлі абсталяванне для вытворчасці цыгарэт, а таксама ўжо вырабленую кантрафактную прадукцыю і ўпакоўку. Агулам у іх рукі трапіла 3,8 мільёна нелегальна вырабленых цыгарэт і 13,4 тоны тытуню. Кошт вырабаў праваахоўнікі ацэньваюць у 14 мільёнаў злотых, а абсталявання — у 1 мільён злотых.
Таксама сілавікі канфіскавалі пяць транспартных сродкаў, мабільныя тэлефоны і камунікацыйную апаратуру, 134 тысячы злотых і 1020 еўра наяўнымі, ды яшчэ біжутэрыю на суму 40 тысяч злотых.
Падчас аперацыі былі затрыманыя сем чалавек, звязаных з падпольнай вытворчасцю цыгарэт. У іх лічку былі чатыры беларусы. Суд вырашыў узяць іх пад варту на час следства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.