У ПП "Бераставіца" пад Гроднам дзясяткі кіроўцаў выйшлі на дарогу

Кіроўцы спрабуюць рэгуляваць чарговасць пад'езду да мяжы / autogrodno.by
Кіроўцы спрабуюць рэгуляваць чарговасць пад'езду да мяжы / autogrodno.by

Кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў выйшлі на дарогу ля пункта пропуску "Бераставіца" ў Гродзенскай вобласці і спрабуюць самі рэгуляваць рух. Пра гэта паведамляе рэсурс autogrodno.by.

Кіроўцы незадаволеныя сітуацыяй, калі некаторыя іх калегі спрабуюць праскочыць мяжу без чаргі, і ў іх гэта атрымліваецца. Цяпер яны спрабуюць навесці парадак.

"За 27 гадзін я не праехаў ніводнага сантыметра. У гэты час міма мяне ў бок мяжы пастаянна праязджаюць без чаргі іншыя грузавікі. Гэта трэба спыніць", — кажа адзін з кіроўцаў.  

Спрэчная сітуацыя ўзнікла праз тое, што вялікагрузы не могуць спыняцца ў населеным пункце, а чарга вялікая. Частка машын стаіць пасля выезду з населенага пункта, частка — на ўездзе ў яго.  Некаторыя кіроўцы не звяртаюць увагі на другую частку чаргі, заязджаюць у пасёлак і прыстройваюцца ў хвост чаргі на выездзе.

"Калі спытаеш, чаго ён праехаў міма, то кіроўца скажа, што ў яго ёсць пропуск. Праблема ў тым, што ў 70% такіх кіроўцаў пропуску няма, яны ўводзяць у зман астатніх, каб тыдзень не стаяць у чарзе", — расказаў суразмоўца рэсурсу.

На месца выязджала ДАІ. Але рэгуляваць чаргу яны адмовіліся, іх задача — бяспека руху, нагадалі інспектары. Цяпер абураныя кіроўцы чакаюць прадстаўніка пункта пропуску. Рашэннем магло б зрабіцца складанне спісу. А прадстаўнікі ПП звяралі б на ўездзе нумары машын і разварочвалі парушальнікаў у канец чаргі, мяркуюць кіроўцы.  

Яны нагадалі, што з польскага боку чарговасць строга кантралюецца. Парушальнікаў спыняюць і штрафуюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі