У прамове ў Еўрапарламенце дачка Навальнага згадала Лукашэнку

У прамове ў Еўрапарламенце дачка Навальнага згадала Лукашэнку

14 снежня ў Страсбургу Дар'я Навальная атрымала за зняволенага ў Расіі бацьку прэмію Сахарава "За свабоду думкі".

Дачка расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага ў сваёй прамове згадала Аляксандра Лукашэнку. Яна прывяла яго як прыклад неразумнага залагоджвання дыктатараў, супрацьпаставіўшы акадэміку Андрэю Сахараву.

"Гэта прэмія Сахарава. Андрэй Сахараў быў, хутчэй за ўсё, адным з самых непрагматычных людзей. Я не разумею, чаму людзі, якія ад ягонага імя агітуюць за прагматычныя адносіны з дыктатарамі, не могуць разгарнуць кнігі па гісторыі. Гэта было б вельмі прагматычным крокам.

І тады б яны зразумелі, што ў рамках гэтага падыходу пацыфікацыя дыктатараў і тыранаў ні разу не спрацавала.

Няважна, колькі людзей паспрабавалі сябе пераканаць у тым, што вар'ят, чалавек, які з усіх сіл трымаецца за ўладу, будзе паводзіць сябе годна ў адказ на саступкі і падлашчванні. Гэтага ніколі не здарыцца.

Уся сутнасць аўтарытарнай улады трымаецца на павелічэнні ставак, агрэсіі ды пошуку новых ворагаў. І тыя людзі, якія кажуць "Давайце не будзем ціснуць на Лукашэнку" і працягваюць весці дыялог, калі ён збіваў людзей і кідаў іх за краты, дабіліся таго, што Лукашэнка саджае цэлыя пасажырскія самалёты, каб затрымаць аднаго чалавека".

Таксама яна прапанавала прагматыкам падлічыць, колькі іх крокі каштуюць еўрапейскім падаткаплацельшчыкам. Шматгадовыя спробы залагодзіць Пуціна, па яе словах, далі яму зразумець, што ён можа пачаць вайну з Украінай дзеля ўзняцця свайго рэйтынгу. 

"Колькі будзе каштаваць Еўропе вайна ва Украіне?" — задаецца пытаннем Дар'я Навальная. І робіць выснову, што ніводная гандлёвая дамова не акупіць стратаў, якія можа прынесці вайна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі