У пункце ўтрымання жывёл на Гурскага спынілі ўсталяванне вокнаў
У пункце часовага ўтрымання бяздомных жывёл "Фауна горада" на вуліцы Гурскага ў Мінску спыненыя працы па ўцяпленні памяшкання, дзе знаходзяцца сабакі. Прычына ― кіраўніцтва хоча, каб аконная канструкцыя, набытая за кошт спонсарскіх сродкаў, лёгка здымалася на лета. Падрадчык жа прапаноўвае варыянт хоць і больш складаны для дэмантажу, але больш дасканалы ў плане захоўвання цяпла.
"Мы прапанавалі, каб было больш герметычна і каб менш прасочвалася паветра, яны хочуць, каб было больш лёгка дэмантаваць канструкцыю на летні перыяд", ― кажуць у фірме, якая займаецца ўсталяваннем сотавага полікарбанату ў будынку з вальерамі для сабак на Гурскага, 42.
Дырэктар "Фауны горада" Тамара Царыкоўская абяцае, што працы вось-вось працягнуцца, застаецца вырашыць тэхнічныя моманты:
"Калі паставіць і не чапаць, гэтыя канструкцыі пастаялі б. Але ў нас складаная канструкцыя. І акно паставіць няма куды. Мы хочам зрабіць ўсё граматна, каб летам не выкінуць гэты карбанат".
Дагэтуль прастора паміж бетоннай сцяной і шкляным дахам у пункце ўтрымання сабак на зіму замотвалася цэлафанам. Паставіць шклопакеты канструкцыя будынку не дазваляе. Лепшы варыянт ― сотавы полікарбанат, які забяспечвае цепла- і шумаізаляцыю а таксама можа служыць доўгія гады.
На сёння полікарбанатам пакрыта ўсяго 1/15 будынка. У бліжэйшыя дні сіноптыкі абяцаюць пахаладанне. Спадзяемся, да гэтага часу заказчыкі і выканаўцы знойдуць паразуменне, і сабакі сустрэнуць чарговыя маразы ў цяпле.